Пад Чавусамі 11-гадовы школьнік запякаў бульбу — згарэла пяць пабудоў

Пяць згарэлых гаспадарчых пабудоў, пашкоджаныя хлеў і часткова дах жылога дома — такія наступствы пажару, які адбыўся 3 ліпеня ў вёсцы Бясчынне Чавускага раёна, як паведамляе МНС.

04.07.2023 / 15:13

Днём у службу МНС патэлефанавалі ўсхваляваныя суседзі: палалі гаспадарчыя будынкі, а агонь ужо дабраўся да даху дачнага дома 62-гадовай пенсіянеркі.

Падраздзяленні МНС аператыўна ўтаймавалі стыхію, не даўшы полымю знішчыць жыллё. Аднак агонь ужо паспеў знішчыць пабудовы і пашкодзіць дах дачы. Балазе, ніхто не пацярпеў.

Як высветлілася, на летнія канікулы да бабулі на лецішча з Расіі прыехаў 11-гадовы ўнук. У інтэрнэце хлопчык убачыў, як запякаюць бульбу ў вогнішчы, і вырашыў паўтарыць гэта на бабуліным падворку.

Калі эксперымент не атрымаўся і бульба згарэла, хлопец страціў цікавасць да сваёй задумы і заняўся іншымі справамі. Вось толькі, як выявілася, згарэла не толькі бульба: пакінуты без нагляду агонь хутка перакінуўся на будынкі і прывёў да пажару.

Nashaniva.com