Мяжу Украіны з Беларуссю ўзмацнілі асабовым складам і тэхнікай праз падзеі вакол Запарожскай АЭС — генерал Наеў
У сувязі з падзеямі вакол Запарожскай атамнай станцыі прынята рашэнне аб узмацненні паўночнай мяжы Украіны як асабовым складам, так і баявой тэхнікай. Пра гэта ў тэлеграме паведаміў камандуючы Аб'яднаных сіл УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў, як перадае «Укрінфарм».
04.07.2023 / 19:14
Запарожская АЭС. Фота: AP Photo/Leo Correa, File
«У сувязі з апошнімі падзеямі вакол Запарожскай атамнай станцыі было прынята рашэнне аб узмацненні паўночнай мяжы нашай дзяржавы як асабовым складам, так і баявой тэхнікай», — паведаміў Сяргей Наеў.
Украінскі генерал падкрэсліў, што праца ў гэтым кірунку не спынялася з таго часу, як быў выбіты вораг з поўначы, і працягваецца 24 гадзіны ў дзень. У прыватнасці, паводле яго слоў, будуюць супрацьтанкавыя загароды, уладкоўваюць мінныя палі і ўмацоўваецца ўся лінія абароны.
«Наша разведка працуе дастаткова эфектыўна. Мы добра вывучылі ворага і выразна валодаем сітуацыяй адносна яго планаў. Нашы воіны прайшлі баявое зладжванне і гатовыя знішчыць любога, хто паквапіцца на нашу тэрыторыю», — дадаў Наеў.
Запарожская АЭС знаходзіцца пад кантролем расіян амаль з самага пачатку шырокамаштабнай агрэсіі Расіі ва Украіне, з 4 сакавіка 2022 года. Праблема з АЭС абвастрылася ў сувязі з правядзеннем украінскім бокам маштабнага контрнаступлення гэтым летам.
22 чэрвеня 2023 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра планы Расіі зладзіць тэракт на Запарожскай АЭС. Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў у сваю чаргу заявіў, што Украіна рыхтуецца да любых сцэнароў развіцця падзей вакол Запарожскай АЭС.
Чытайце таксама:
Атака Расіі на Запарожскую АЭС закране ўвесь свет — топ-чыноўнік NATO