«За год мы так і не даведаліся, за што канкрэтна была асуджаная Каця Андрэева»
Муж зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай расказаў «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад жонкі.
05.07.2023 / 14:08
Кацярына Андрэева падчас першага суда. Люты 2021 года
Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года. Яе асудзілі на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Кацярына павінна была выйсці на волю 5 верасня 2022 года, аднак 7 красавіка таго года сям’і журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачванне. 13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прысудзіў Кацярыне 8 гадоў і 3 месяцы калоніі за «здраду дзяржаве».
Адбывае пакаранне Кацярына ў Гомельскай калоніі.
— Апошнім часам сувязь з Кацяй, дзякуй Богу, нармальная, — дзеліцца Ігар Ільяш, муж журналісткі. — І лісты даходзяць, і адваката прапускаюць, і тэлефануе дадому з калоніі.
Таксама на мінулым тыдні я без праблем адвёз жонцы вялікую харчовую перадачу на 50 кілаграм. Такая дазваляецца раз на тры месяцы.
— Перадаяце традыцыйны набор ці жонка нешта просіць адмыслова?
— Часам штосьці просіць, але ў асноўным я фармую перадачу на свой густ. Каўбаса, мяса, рыба, шакалад і цукеркі, пячэнне… І ўсяго гэтага даволі шмат, бо 50 кілаграм — гэта 6-7 вялікіх сумак.
Праўда, апошнім разам Каця папрасіла разнастаіць набор прадуктаў, даслаць ёй тое, што яшчэ не спрабавала.
Але трэба адзначыць, што нярэдка сябры перадаюць ёй, у тым ліку і з замежжа, нейкія прысмакі: цукеркі, шакалад. І гэта таксама заўсёды вельмі прыемна і важна для жонкі.
— А кнігі можна дасылаць?
— Нельга, але Каця заўсёды адзначае, што ў калоніі вельмі добрая бібліятэка. Там неблагі выбар кніг, ёсць што пачытаць.
— Як яе здароўе?
— Быццам бы не скардзіцца. Вясной у яе быў востры алергічны перыяд, але цяпер ужо ўсё нармальна.
— 13 ліпеня споўніцца год, як Кацярыне быў вынесены другі прысуд…
— Магу канстатаваць, што за гэты час мы так і не даведаліся, за што канкрэтна была асуджаная Каця і за што ёй далі такі вялізны тэрмін зняволення.