Загінулых на заводзе ў Светлагорску ўсё ж пахавалі — яшчэ 1 ліпеня

Пра тое, што трое загінулых работнікаў завода беленай цэлюлозы пахаваныя, «Нашай Ніве» пацвердзілі ў адміністрацыі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната.

05.07.2023 / 17:06

Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат. Фота: ranak_me / Telegram

«1 ліпеня хлопцаў пахавалі», — сказала супрацоўніца апарату кіравання прадпрыемства.

Раней праваабаронцы паведамлялі, што загінулых дагэтуль не пахавалі.

Трое работнікаў завода беленай цэлюлозы, вытворчага падраздзялення камбіната, загінулі 7 чэрвеня ў выніку аварыі.

Афіцыйна была пацверджаная смерць 24-гадовага Віктара Раманькова, 32-гадовага Міхаіла Шаціцы і 42-гадовага Алега Кацубы.

Віктар Раманькоў, Міхаіл Шаціца, Алег Кацуба. Фота: сацыяльныя сеткі

Прычыны аварыі на камбінаце так і не назвалі.

Следчы камітэт расследуе крымінальную справу па факце парушэння правілаў бяспекі на выбуханебяспечным прадпрыемстве.

Кіраўніцтва прадпрыемства запэўнівала, што сем’і загінулых атрымаюць матэрыяльную дапамогу, а пахаванні адбудуцца за кошт камбіната.

Цэх, дзе адбыўся выбух. Скрын з відэа МНС

Неўзабаве пасля здарэння былі схопленыя журналісты з тэлеканала «Ранак», які першым паведаміў пра выбух на прадпрыемстве. Судзілі іх за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Нагодаю для затрымання мог стаць сюжэт пра аварыю на камбінаце.

Глядзіце таксама:

Выбух адбыўся на заводзе беленай цэлюлозы ў Светлагорску 

У санкцыйны спіс ЗША трапіла беларускае прадпрыемства «Светлагорск Хімвалакно»

Хімік патлумачыў, чаму ніякая аварыя на Запарожскай АЭС не будзе мець маштабных наступстваў

Васіль Вашчыла