Расійскіх мабілізаваных больш не будуць рыхтаваць у Беларусі? Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі ліквідацыю лагераў на палігонах
Спадарожнікавыя здымкі сэрвісу Planet Labs зафіксавалі ліквідацыю трэніровачных намётавых лагераў на тэрыторыі трох асноўных беларускіх палігонаў, дзе праводзілі навучанне расійскіх мабілізаваных. Ці перамесцяць іх у іншыя месцы, ці выкарыстаюць для нечага іншага, невядома, піша «Радыё Свабода».
06.07.2023 / 07:18
Дэмантаж намётавага лагера на тэрыторыі Абуз-Лясноўскага палігона пад Баранавічамі. Злева — здымак 6 чэрвеня 2023 года, справа — 4 ліпеня 2023 года
Вайсковы палігон Абуз-Лясноўскі пад Баранавічамі
Лагер тут стаяў прыкладна з сярэдзіны кастрычніка 2022 года, амаль 9 месяцаў.
На пачатку сакавіка 2023 года ў лагеры адбылася ратацыя мабілізаваных расійскіх вайскоўцаў. Тады невялікую колькасць намётаў прыбралі. Было відаць, што частка намётаў нежылая. Пасля гэтага на палігон ужо амаль не завозілі ніякай цяжкай вайсковай тэхнікі. Паводле стану на 6 чэрвеня 2023 года, тут усё яшчэ заставалася каля 150 намётаў, у якіх магло жыць каля 3 тысяч чалавек.
Вайсковы палігон Лепельскі
Дэмантаж намётавага лагера на тэрыторыі Лепельскага палігона. Злева — здымак 2 ліпеня 2023 года, справа — 4 ліпеня 2023 года
Расійскія вайскоўцы на палігоне Лепельскі прысутнічалі з сярэдзіны кастрычніка 2022 года.
На здымку 4 ліпеня 2023 года бачым, што намётавы лагер на палігоне таксама ў працэсе разбору.
Намёты пачалі разбіраць не раней за 2 ліпеня. Яшчэ 2 ліпеня тут стаяла каля 75 вайсковых намётаў, у якіх магло жыць каля 1500 чалавек.
Лагер таксама паставілі ў сярэдзіне кастрычніка 2022 года. Прастаяў ён каля дзевяці месяцаў.
Расійскія вайскоўцы 272 мотастралковага палка на свяце 3 ліпеня 2023 года ў Лепелі
3 ліпеня на дзяржаўным свяце Дзень Незалежнасці ў Лепелі расійскія вайскоўцы з 272 мотастралковага палка яшчэ прысутнічалі. Раней паведамлялася пра гібель аднаго байца гэтага вайсковага фармавання «пры выкананні воінскага доўгу» праз месяц пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.
Вайсковы палігон Рэпішча пад Асіповічамі
Дэмантаж намётавага лагера на тэрыторыі палігона Рэпішча пад Асіповічамі. Злева — здымак 2 ліпеня 2023 года, справа — 4 ліпеня 2023 года
Расійскія вайскоўцы пачалі актыўна заязджаць на палігон Рэпішча пад Асіповічамі перад пачаткам вайны ва Украіне. Тут знаходзіўся вялікі шпіталь і было шмат вайсковай тэхнікі. Ён то знікаў (лета 2022 года), то паўставаў нанова (30 кастрычніка 2022 года). Амаль у нязменным выглядзе лагер прастаяў дзевяць апошніх месяцаў. Паводле стану на 29 чэрвеня, тут было каля 30 вайсковых намётаў, у якіх магло жыць каля 600 чалавек.
На спадарожнікавых здымках можна адсачыць, што лагер пачынаюць прыбіраць 3 ліпеня 2023 года. На здымку за 4 ліпеня яго ўжо няма.
З усяго выкладзенага можна зрабіць выснову, што тры найбуйнейшыя лагеры для трэніроўкі меркавана мабілізаваных расійскіх вайскоўцаў пачалі разбіраць фактычна адначасова — 3 ліпеня падчас дзяржаўнага свята Дзень Незалежнасці Беларусі.
Амаль адначасова з гэтым пачалі будаваць намётавы лагер у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна, які, паводле некаторых меркаванняў, можа быць звязаны з прыбыццём у Беларусь наймітаў ПВК «Вагнер». На сёння гэта найбуйнейшы лагер на тэрыторыі Беларусі. Ён складаецца сама меней з 303 вайсковых намётаў, у якіх, паводле розных ацэнак, можа знаходзіцца да 15 тысяч чалавек.
«Лагеры, якія былі разгорнутыя на тэрыторыі Беларусі цягам амаль года, выкарыстоўваліся Расіяй для падрыхтоўкі сваіх мабілізаваных, — кажа дырэктар New Geopolitics Research Network Міхаіл Самусь. — Часта гэта трактавалася ў інфармацыйнай прасторы як падрыхтоўка расійскага кантынгенту для арганізацыі чарговай аперацыі з тэрыторыі Беларусі».
Паводле Самуся, было праведзена некалькі такіх «псіхалагічных аперацый», накіраваных на тое, каб украінская армія звярнула ўвагу на паўночны кірунак, на тое, што з тэрыторыі Беларусі ёсць пагроза.
«Тады мы ацэньвалі так, што, як толькі Расія створыць групоўку ад 30 тысяч і больш расійскіх вайскоўцаў, тады можна будзе гаварыць пра тое, што гэта падрыхтоўка наступу. Але зазвычай на тэрыторыі Беларусі знаходзілася каля 10—11 тысяч расійскіх вайскоўцаў», — адзначае Міхаіл Самусь.
На ягоную думку, тое, што цяпер гэтыя лагеры пачынаюць згортваць, можа значыць, што «гэтая праграма скарачаецца», вядома, калі толькі іх не перамесцяць на іншыя палігоны на тэрыторыі Беларусі.
«Цікава, што паралельна з гэтым працэсам згортвання лагераў адбываецца разгортванне іншага лагера для прадстаўнікоў так званага ПВК «Вагнер», то-бок «прыгожынцаў», якія пасля «недапутчу» ў Расіі быццам бы пераходзяць на тэрыторыю Беларусі. Цікава, ці не будуць выкарыстаныя гэтыя намёты для разгортвання намётавага мястэчка вагнераўцаў, ці гэта ўжо згортванне расійскай прысутнасці, і тады, відаць, будзе зменшана інтэнсіўнасць трэніроўкі расійскіх мабілізаваных», — кажа ён.
У сувязі з гэтым эксперт выказвае здагадку, што, магчыма, у Расіі ўжо дастаткова сваіх рэсурсаў, каб падрыхтаваць такую ж колькасць мабілізаваных.
«Ва Украіне цяпер сур’ёзна разглядаюць сітуацыю з узмацненнем пагрозы з боку Беларусі, асабліва той сігнал, які быў дадзены пра патэнцыйнае размяшчэнне вагнераўцаў», — кажа Міхаіл Самусь.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 5 ліпеня правёў пасяджэнне Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага. Адна з задач, якія паставілі галоўнакамандуючаму ўкраінскага войска, — узмацненне паўночнага кірунку, у тым ліку на мяжы з Беларуссю.
У маі 2023 года дзяржаўныя медыя Расіі і Беларусі паведамлялі, што на пачатку восені ў Беларусі адбудзецца адразу пяць вайсковых вучэнняў у межах АДКБ.
«Гэта можа быць падставай для таго, каб Расія перакінула ў Беларусь некалькі дзясяткаў тысяч вайскоўцаў. І спрабаваць пад канец восені правесці новую аперацыю, магчыма, нават з вагнераўцамі дзеля таго, каб вымусіць украінскі бок перакінуць на поўнач сваіх вайскоўцаў супрацьстаяць пагрозе і сарваць украінскі наступ на ўсходзе. Але гэтыя здымкі згортвання лагераў выбіваюцца з гэтага плана. Трэба глядзець, што будзе адбывацца далей», — кажа Міхаіл Самусь.
Паводле яго, магчыма, гэтыя намётавыя мястэчкі проста могуць перамясціць на іншыя беларускія палігоны.
«Усё цяпер залежыць ад сітуацыі на фронце. Калі ўкраінская армія працягне паспяховыя контрнаступальныя дзеянні, то ў Расіі проста можа не хапіць рэсурсаў для перакідання новых вайскоўцаў у Беларусь. Яны будуць кідаць усе рэзервы, каб не дапусціць прарыву фронту. Як толькі ўкраінская армія завязне, тады ў Расіі будзе магчымасць перакінуць сваіх вайскоўцаў у Беларусь і, магчыма, зрабіць яшчэ адну наступальную аперацыю з тэрыторыі Беларусі», — падсумоўвае эксперт.