Гэтае непрызнанае дзяржаўнае ўтварэнне збіраецца звярнуцца да афіцыйнага Мінска з просьбай аб прызнанні

Тэму магчымага прызнання Беларуссю незалежнасці самаабвешчанай рэспублікі Паўднёвая Асеція, якая кантралюецца Расіяй, абмеркавалі на пасяджэнні тамтэйшага парламента. З прапановай звярнуцца да парламента Беларусі з просьбай аб прызнанні выступіў старшыня Камітэта па эканоміцы, малым прадпрымальніцтве і сельскай гаспадарцы Алан Цехаў.

06.07.2023 / 10:07

Цхінвалі — сталіца Паўднёвай Асеціі. Фота: Wikimedia Commons

«У нас ёсць магчымасць, калі раней перашкаджалі нейкія палітычныя наступствы, у тым ліку і санкцыі, то сёння яны ўжо ўведзеныя. МЗС рэспублікі па сваёй лініі павінна прапрацаваць гэтае пытанне», — цытуе словы дэпутата «Эхо Кавказа».

Пытанне спікер парламента Алан Албараў адрасаваў старшыні Камітэта па знешняй палітыцы і міжпарламенцкіх сувязях Зазу Дрыяеву для далейшай прапрацоўкі.

У жніўні 2021 года Лукашэнка распавёў, чаму не прызнаў Паўднёвую Асецію і Абхазію. Паводле яго слоў, Захад пагражаў Мінску дадатковымі санкцыямі ў выпадку прызнання незалежнасці гэтых самаабвешчаных рэспублік, Масква ж адмовілася кампенсаваць эканамічныя страты. Пры гэтым Лукашэнка назваў «нядобрым фактам» тое, што «Асецію адарвалі ад Грузіі».

28 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка наведаў Піцунду, дзе сустрэўся з абхазскім прэзідэнтам Асланам Бжанія. Са слоў самога Лукашэнкі, абмяркоўваліся «гандлёва-эканамічныя сувязі». Да візіту ў Абхазію Лукашэнка сустракаўся з Пуціным у Сочы.

Nashaniva.com