БДУ ўсё ж прызнаў, што «Кіберпартызаны» ўзламалі ягоныя базы

Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных паведаміў, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт накіраваў у яго адрас інфармацыю аб узломе сваёй інфармацыйнай сістэмы.

06.07.2023 / 17:53

Прафайлы супрацоўнікаў. Фота: t.me/cpartisans

«Паводле інфармацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, накіраванай у цэнтр, быў ажыццёўлены несанкцыянаваны доступ да інфармацыйнай сістэмы БДУ, пры якім зламыснікамі былі незаконна атрыманыя персанальныя даныя каля шасці тысяч чалавек», — гаворыцца ў паведамленні. Па гэтым інцыдэнце будуць прымацца «прадугледжаныя заканадаўствам меры».

Раней «Кіберпартызаны» паведамлялі, што ўзламалі сайты БДУ і абяцалі вярнуць інфармацыю, калі ўлады выпусцяць 50 палітвязняў.

Прэс-служба БДУ, у сваю чаргу, зразу заняла пазіцыю прымяншэння праблемы, зводзячы яе да «DDoS-атакі» і «тэхнічнага збою»: «Інфармацыя пра DDoS-атаку на БДУ, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, недакладная. Ва ўніверсітэце адбыўся тэхнічны збой функцыянавання сістэмы апрацоўкі даных. Скрын і фота, якія распаўсюджваюцца, недакладныя, сфальсіфікаваныя, яны прайшлі апрацоўку ў графічных рэдактарах».

Цяпер, аднак, мусілі афіцыйна прызнаць, што ўсё сур'ёзна.

Чытайце таксама:

«Кіберпартызаны» заявілі пра ўзлом сайта спартыўнай газеты «Прэсбол»

«Кіберпартызаны» ўзламалі сайт хакейнага мінскага «Дынама» і апублікавалі там некралогі па Лукашэнку

«Кіберпартызаны» прымусілі баранавіцкі афіцыёз павіншаваць беларусаў з Днём Волі

Nashaniva.com