Вядомы футбольны трэнер збіраецца ўзначаліць зборную Бразіліі. Прэзідэнт краіны катэгарычна супраць
Прэзідэнту Бразіліі Лула да Сілва не падабаецца, што трэніраваць зборную будзе італьянец Карла Анчэлоці.
07.07.2023 / 07:53
Карла Анчэлоці. Фота: Tabitha Anghel / Anadolu Agency via Getty Images
«Анчэлоці ніколі не быў трэнерам Італіі. Чаму ён не вырашае праблему Італіі, якая нават не ўдзельнічала ў апошнім чэмпіянаце свету?» — заявіў Лула да Сілва ў інтэрв'ю SBT.
64-гадовы італьянец быў абраны Федэрацыяй футбола ў якасці трэнера зборнай Бразіліі і павінен узяць на сябе кіраўніцтва ў сярэдзіне наступнага года, калі скончыцца яго кантракт з «Рэалам». Акурат тады ўлетку адбудзецца Кубак Амерыкі.
А пакуль зборную працягвае трэніраваць Фернанда Дыніз.
Зборная Бразіліі — рэкардсмен па колькасці залатых медалёў чэмпіянату свету. Яна першынствавала пяць разоў, аднак апошні раз у 2002 годзе.
Потым бразільцы выляталі ў чвэрцьфіналах, за выняткам 2014 года, дзе на хатнім чэмпіянаце дайшлі да паўфіналу, але разгромна прайгралі Нямеччыне — 1:7.
На чэмпіянаце свету 2022 года бразільцы прайгралі ў 1/4 фіналу ў серыі пенальці Харватыі, але, як тады жартавалі, гэта была карма за ката.
Карла Анчэлоці — адзін з самых паспяховых трэнераў у гісторыі футбола. Ён адзіны трэнер, які выйграў усе топ-5 чэмпіянатаў Еўропы («Ювентус», «Мілан», «Чэлсі», «ПСЖ», «Баварыя», «Рэал»), а таксама чатыры Лігі чэмпіёнаў (двойчы з «Міланам», двойчы з «Рэалам»).
Чытайце таксама:
Яшчэ адна зорка сусветнага футбола перабіраецца ў Саудаўскую Аравію
«ПСЖ» развітаўся з галоўным трэнерам. Яго раней абвінавацілі ў расізме
У матчы чэмпіянату Беларусі па футболе ў вароты давялося стаць палявому гульцу ВІДЭА