WhatsApp увёў метад перадачы даных на аснове QR-кода
Каб перанесці гісторыю чатаў на другую прыладу, вам спатрэбіцца толькі падключэнне да Wi-Fi.
07.07.2023 / 12:33
Фота: vecteezy
WhatsApp абвясціў аб новым і больш хуткім спосабе пераносу чата са старога тэлефона на новы з дапамогай QR-кода. Кампанія заявіла, што карыстальнікі, якія мяняюць тэлефон на іншы з той жа аперацыйнай сістэмай (Android ці iOS), змогуць перадаваць даныя з дапамогай Wi-Fi. Каб перанесці гісторыю чатаў, пераканайцеся, што абедзве прылады ўключаныя і падлучаныя да адной сеткі Wi-Fi.
Затым адкрыйце WhatsApp на старым тэлефоне і перайдзіце ў Налады > Чаты > Перадача чата (Settings > Chats > Chat transfer).
Вы ўбачыце QR-код, і застанецца проста адсканаваць яго з дапамогай новага тэлефона, каб завяршыць працэс перадачы.
Выява: WhatsApp
Кампанія заявіла, што гэты метад больш бяспечны, чым рашэнні іншых вытворцаў, так як даныя шыфруюцца і перадаюцца паміж дзвюма прыладамі толькі праз лакальную сетку.
Да гэтага часу WhatsApp абапіраўся на воблачныя рэзервовыя копіі для пераносу даных з адной прылады на другую, якая працуе пад кіраваннем той жа аперацыйнай сістэмы — iOS або Android. Гэта першы раз, калі кампанія ўкараняе лакальны метад для пераносу даных.
Дарэчы, WhatsApp дазваляе таксама экспартаваць гісторыю чатаў, фатаграфіі, відэа і іншыя даныя з Android на iPhone і наадварот. Аднак абодва спосабы крыху больш складаныя, чым сканаванне QR-кода. Для пераносу інфармацыі з Android на iPhone, напрыклад, вам спатрэбіцца праграма Move to iOS, якая ёсць у Google Play.
Выява: WhatsApp
Месенджар таксама мае функцыю выкарыстання некалькіх прылад для аднаго ўліковага запісу. Такім чынам, вы можаце сінхранізаваць адпраўленыя і атрыманыя паведамленні з адным нумарам тэлефона на розных прыладах. У красавіку кампанія абнавіла функцыю для падтрымкі некалькіх тэлефонаў.
Чытайце таксама:
Як абараніць сябе і свой акаўнт у WhatsApp: пакрокавы гайд
Google расказаў пра 12 небяспечных праграм для Android. Вось чаму іх трэба выдаліць зараз жа