«Я ў свой час заліла слязьмі вам усе калідоры і кабінеты». Першая донарка касцявога мозгу напісала кранальны ліст свайму доктару — ён за кратамі за палітыку
У 2013 годзе на той момант 22-гадовая Каця Шкор стала першым у Беларусі донарам касцявога мозгу для чужога чалавека. Аперацыю праводзіў выдатны доктар Аляксей Аляксейчык.
07.07.2023 / 16:04
Ён больш за 20 гадоў адпрацаваў доктарам-трансплантолагам у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі, правёў мноства аперацый па перасадцы касцявога мозгу і лічыцца адным з найлепшых спецыялістаў цэнтра.
16 лютага 2023 года суд прызнаў Аляксейчыка вінаватым і прызначыў яму два з паловай гады калоніі. Пазней доктара прызналі палітвязнем. Цяпер, праз 10 гадоў пасля аперацыі, Каця напісала кранальны адкрыты ліст для Аляксея Аляксейчыка, яго змяшчае polizek.me.
«Аляксей Віктаравіч, прывітанне!
Піша вам Каця Шкор. Амаль 10 гадоў не размаўлялі, але вы напэўна мяне памятаеце, бо я ў свой час заліла слязьмі вам усе калідоры і кабінеты ў бальніцы. Памятаеце? Спачатку — таму што ўбачыла лысенькіх дзяцей у вокнах, калі падыходзіла да бальніцы, пасля — таму што саму сябе было шкада, усю ў трубках і кінутую, як мне здавалася, ну і пад канец — ад несправядлівай заўвагі аднаго чалавека, які абвінаваціў мяне ў карыслівым донарстве. Ну і намучыліся ж вы са мной, уяўляю!
Каця Шкор
Пішу вам з вялікай радасцю. Бо ўспамінаю вас з вялікай павагай, цеплынёй і ўдзячнасцю. Напэўна, як і многія мамы, таты, сваякі дзяцей, якім вы дапамаглі. Якое шчасце быць знаёмай з вамі. Шчыра лічу, што мне вельмі пашанцавала стаць донарам касцявога мозгу пад вашым кантролем.
Я ўспамінаю нашу першую сустрэчу, як вы супакойвалі мяне і як этычна і гуманна тлумачылі мне пра будову арганізма, распавядалі аб працы касцявога мозгу, аперацыі, магчымых наступствах. Аляксей Віктаравіч, гэта было зроблена нам на найвышэйшым узроўні. У мяне не было сумневаў даверыцца вам.
І памятаю раніцу аперацыі. Вы яшчэ палаяліся на медсястру непасрэдна перад самай аперацыяй, бо мне анестэзія пачала сыходзіць пад скуру, і ў мяне надзьмуўся пухір на руцэ. Медсястра стала яго тэрмінова разгладжваць, размяркоўваць, пасля чаго я імгненна і адключылася. Прачнулася ў рэанімацыі ўся ў трубках і даведалася, як сябе адчуваюць старэнькія людзі, якія хочуць хадзіць, але не могуць.
А на суседнім ложку ляжала дзіцятка, зусім маленькае, і ў яго балеў жывоцік, і яно ўвесь час плакала. У яго быў рак. А яшчэ на мяне глядзець хадзілі студэнты, ім паказвалі першага няроднаснага донара для дарослага дзіцяці ў краіне. Я, вядома, рэдка пра сябе так думаю, але які ж гонар і поспех.
Яшчэ памятаю ваш кабінет, у якім пахла цыгарэтамі. Напэўна, курыць у кабінетах забаронена, але не пасадзяць жа вас у турму за гэта!:)
Мне асабіста жарты дапамагаюць не плакаць.
Аляксей Аляксейчык
Што ў вас чуваць? Вы напэўна кансультуеце ўсіх па здароўі і расказваеце гісторыі? Дактары заўсёды цэняцца і берагуцца. Тым больш такія, як вы. Вельмі спадзяюся на гэта.
Раскажыце, як праходзяць вашы дні і што цяпер чытаеце?
Я нядаўна пачала чытаць раман Віктара Рэмізава «Вечная мерзлата». Гэта кніга пра «вялікую» сталінскую будоўлю ў Сібіры і пра лагеры. Пра бліскучых навукоўцаў, геолагаў, акадэмікаў, проста ссыльных, якія апыналіся ў ГУЛАГу па даносах, з зайздрасці ці проста з-за «вялікіх планаў правадыра».
Я чытаю, як людзі спраўляліся з таксічным жорсткім асяроддзем бывалых злачынцаў, невыноснымі ўмовамі надвор'я, здзекамі з боку начальнікаў, і спрабую знайсці сэнс такіх пакут сотняў тысяч людзей. І сэнсу, вядома, не знаходжу, але пакуль раблю выснову, што чалавекам нас робяць не абставіны, у якія мы змешчаныя, а наша рэакцыя, нашы ўчынкі ў гэтых абставінах. Даволі банальная думка, але адчуваю, што часам важна сабе пра гэта нагадваць. Прынамсі, перыядычна сабе яе прамаўляю.
Мабыць, буду завяршаць ліст. Мае будыйскія сябры ўключылі вас у спіс для прысвячэння заслуг. Гэта значыць, што 100 чалавек адпраўляюць вам свае добрыя пажаданні!
Адчувайце падтрымку людзей, хай будзе моцным здароўе, хай хапае сіл вытрымліваць ціск абставінаў і хай будзе шмат спакою і радасці ўнутры.
Каця Шкор
27.06.2023»
Вы таксама можаце напісаць Аляксею ліст і падтрымаць яго цёплымі словамі.
Адрас для лістоў: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.
Чытайце таксама: