«У мяне з'явілася магчымасць спазнаць сапраўдную сябе». Некалі вядомая журналістка і блогерка Ася Паплаўская ўжо чатыры гады жыве ў каталіцкім кляштары
У свой час вядомая ў Беларусі журналістка і блогерка Ася (Галіна) Паплаўская цяпер паспяхова праходзіць навіцыят — перыяд паслушніцтва, выпрабавання перад уступленнем у манаскі ордэн. Гэта стала зразумела з паведамлення каталіцкай кангрэгацыі Сясцёр Служэбніц Езуса ў Еўхарыстыі (Еўхарыстак), у якім перадалі прывітанне ад Асі і апублікавалі яе фота, паведаміла выданне Katolik.life.
07.07.2023 / 23:13
Калісьці Ася Паплаўская вяла актыўнае свецкае жыццё, але чатыры гады таму вырашыла стаць манашкай і патлумачыла, што хоча «быць натуральнай, прамяністай, жывой».
«Наша Ніва» тады пыталася ў яе, ці праўда гэта, на што Паплаўская адказала: «Магчыма. Магчыма, раздумваю пра гэта ці пайшла». Больш падрабязна пра гэта яна тады гаварыць адмовілася: «Ведаце, я б не хацела пра гэта гутарыць з журналістамі, гэта вельмі інтымная, асабістая справа. Я берагу свой спакой і сваё прыватнае жыццё».
Ася ўжо амаль год не абнаўляла сваіх сацсетак — пасля таго, як паведаміла аб прыняцці яе ў навіцыят. Гэтага моманту яна чакала тры гады.
Гэта значыць, агулам ужо чатыры гады Ася жыве ў кляштары, з іх 10 месяцаў — у навіцыяце, які доўжыцца мінімум год. Затым кандыдатка прыносіць часовыя шлюбы, а пасля — вечныя.
Раней яна вяла актыўнае свецкае жыццё, але ўсё змянілася, калі Ася прыйшла ў Каталіцкую царкву. Спачатку яна стала падарожнічаць па Беларусі і распавядаць у блогах пра вядомыя храмы. А неўзабаве паведаміла пра жаданне стаць манашкай, калі ёй быў 31 год.
З тых часоў многія адгаворвалі яе ісці ў кляштар, выказвалі ўпэўненасць, што манаскае жыццё — не для яе. Аднак прайшло ўжо чатыры гады, як Ася прысвяціла сябе Богу. Сваю пазіцыю яна тлумачыла так:
«Многія лічаць, што пайсці ў кляштар — значыць уцячы ад сябе і ад рэальных праблем. Уцёкі ад жыцця. Кажуць: за сценамі кляштара лёгка схавацца! А ты паспрабуй нарадзіць дзіця і вырасціць яго ў гэтым жорсткім свеце! ( … ) Хавацца ў кляштары — не выйсце, гэта ілюзія, бо жыццё ўсюды аднолькавае, яно ніколі не бывае лёгкім (…).
У мяне з'явілася магчымасць спазнаць сапраўдную сябе. Спазнаць безумоўную любоў Айца. Убачыць, што такое сапраўдная любоў, якая не патрабуе, не раўнуе і не крыўдзіцца, ніколі не спыняецца.
Кляштар — гэта не ўцёкі. Жыццё тут для мяне — гэта сустрэча. У мяне дастаткова часу, каб спазнаць сябе і пабудаваць глыбокія адносіны з Богам. У жыцці «ў свеце» цяжэй знайсці такі час для душы. Жадаю ўсім нам шукаць ісціну. Тады мы будзем вольныя і шчаслівыя! У рэлігійным або свецкім жыцці».
Таксама Ася адказвала на пытанні ў сваім Instagram пра тое, чаму вырашыла стаць манашкай, ці цяжка было развітвацца з Мінскам і так рэзка змяніць жыццё.
А ў сваім Youtube-канале Ася выкладвала відэа з вершам, у якім тлумачыла, што ёй хочацца «быць натуральнай, прамяністай, жывой, не перспектыўнай і маладой у пошуках новых пустэч», «вызваліцца ад любых азначэнняў, роляў і ацэнак, як пасля дня хады пазбавіцца ад абцасаў, якія сцерлі ногі да крыві».
Кангрэгацыя Еўхарыстак займаецца працай з дзецьмі, моладдзю і дарослымі: праводзіць катэхізацыю, рыхтуе іх да сакраментаў, ездзіць у лагеры падчас канікул, арганізуе масу мерапрыемстваў, рэкалекцый, малітоўных і нават танцавальных сустрэч. Таксама сёстры служаць людзям, якім гэта асабліва трэба: сіротам, інвалідам, хворым, адзінокім.
Чытайце таксама:
«Усё га*но» — блогерка Ася Паплаўская стварыла сцікеры са сваёй выявай
Ася Паплаўская ў самапрэзентацыі: «Я асацыююся з арнаментам»