«Дзеянням уладаў у Мінску няма апраўдання». МЗС Польшчы пракаментавала ціск на ўладальнікаў карты паляка ў Беларусі

Праваабаронцы на гэтым тыдні паведамілі пра як мінімум 10 выпадкаў, калі беларусаў на мяжы прымушалі пісаць заявы аб адмове ад карты паляка. Тэлеканал «Белсат» звярнуўся з гэтай нагоды ў польскае МЗС і даведаўся пра яго думку адносна таго, што адбываецца.

08.07.2023 / 15:45

У Міністэрстве замежных справаў Польшчы ў адказ на запыт «Белсату» заявілі, што «з трывогаю назіраюць за палітыкай беларускага рэжыму» ў дачыненні да палякаў, якія жывуць у Беларусі.

«Рэпрэсіі, пераслед і ціск закранаюць не толькі ўладальнікаў карты паляка, але і сяброў Саюза палякаў, польскую адукацыю, польскія мемарыяльныя аб’екты, размешчаныя ў Беларусі», — адзначылі ў МЗС.

Там падкрэслілі, што ўладальнікі карты паляка застаюцца беларускімі грамадзянамі, бо карта не мяняе грамадзянства ўладальніка.

«Рэпрэсіі і абмежаванні, што накладаюцца на ўладальнікаў карты паляка, выклікаюць наш рашучы пратэст, які неаднаразова перадаваўся па дыпламатычных каналах. Дзеянням уладаў у Мінску няма апраўдання», — заявілі «Белсату» ў ведамстве.

У заяве МЗС таксама гаворыцца, што Польшча «ўважліва адсочвае і аналізуе далейшыя выпадкі парушэння правоў асобы ў Беларусі і прымае ўсе магчымыя захады дзеля мінімізацыі наступстваў антыпольскай кампаніі, што праводзіцца дыктатарскім беларускім рэжымам».

Праваабаронца цэнтра «Вясна» Вікторыя Рудзянкова гаворыць пра вядомыя праваабаронцам 10 падобных выпадкаў, але, «хутчэй за ўсё, іх нашмат больш»:

«Спачатку людзі мусяць прыйсці на гутарку з супрацоўнікам КДБ, які чакае на мяжы, а потым яны пад прымусам пішуць адмову ад карты паляка польскаму консулу».

І хоць напісаныя пад прымусам хадайніцтвы юрыдычнай моцы не маюць, праваабаронца раіць даслаць дыпламатам новы ліст з «адмовай ад адмовы», у якой трэба адзначыць, што адмова нікчэмная, бо напісаная пад прымусам.

У варшаўскі Цэнтр беларускай салідарнасці пакуль не паступала зваротаў з нагоды прымусу да адмовы ад карты паляка, як паведаміла «Белсату» юрыстка арганізацыі Марына Грышчанка. Яна адзначыла, што, нават калі польскія ўлады дакумент анулююць, гэтае рашэнне можна абскардзіць у некалькіх інстанцыях. Да таго ж нішто не замінае атрымаць карту нанова.

Яна таксама заўважыла, што ануляванне карты паляка не цягне за сабою аўтаматычнага анулявання нацыянальнай візы, якую выдалі на падставе карты: «Няма такога закону. Каб пазбавіць асобу візы, таксама патрабуецца распачаць асобнае вядзенне і выдаць рашэнне аб тым, што віза ануляваная».

Чытайце таксама:

Хутка ў беларусаў з'явіцца абавязак інфармаваць пра атрыманне ДНЖ, карты паляка і грамадзянства іншых краін. Што чакае тых, хто прыхавае гэты факт?

У тых, хто выязджае за мяжу без візы, пачалі патрабаваць паказваць ДНЖ. Што вядома

Супрацоўнікаў дзяржустаноў прымушаюць адмаўляцца ад карты паляка. Пры адмове пагражаюць звальненнем

Nashaniva.com