Марк Мацкевіч з Наваполацка нядоўга быў адзіным хлопцам, які набраў на сёлетнім ЦТ 400 балаў. Такіх ёсць яшчэ як мінімум двое
Учора паведамлялася, што Марк Мацкевіч з Наваполацка набраў максімальныя 400 балаў на цэнтралізаваным тэставанні. У той час ёй быў адзіным вядомым хлопцам, які сёлета дасягнуў такога выніку (тры астатнія былі дзяўчатамі). Але выявілася, што такіх хлопцаў ёсць яшчэ як мінімум двое — Дзяніс Кагукін з Полацка і Раман Кандраценя з Ганцавіч.
08.07.2023 / 19:22
Дзяніс Кагукін
Вучань Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Францыска Скарыны сёлета атрымаў па 100 балаў на цэнтралізаваных экзаменах па беларускай мове і матэматыцы. Яшчэ 100 балаў яму належыць як пераможцу заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы пры паступленні на профільную спецыяльнасць, плюс такі ж сярэдні бал атэстата, памножаны на дзесяць.
У каментары для «Настаўніцкай газеты» Дзяніс расказаў, што ён далей збіраецца рабіць пры такіх бліскучых выніках:
«Папраўдзе, яшчэ дакладна не вызначыўся. Пераходзячы ў старэйшыя класы, я цвёрда вырашыў, што вучыцца далей буду ў Беларусі. А вось з выбарам універсітэта складана, у кожным ёсць свае перавагі.
Хутчэй за ўсё, маёй альма-матар стане БДУІР, бо цікавіць праграмная інжынерыя. Але і фізікай хацеў бы працягнуць займацца, асабліва эксперыментальнай.
Можа, атрымаецца знайсці нешта новае і карыснае ў ходзе даследаванняў на сутыку розных навук або развівацца ў напрамку інфармацыйных тэхналогій, стварыць значны для грамадства праграмны прадукт. Час пакажа».
Раман Кандраценя
У сваю чаргу, выпускнік гімназіі горада Ганцавічы Раман Кандраценя меў атэстат са 100 баламі, на 100 балаў здаў цэнтралізаваныя экзамены па рускай мове і матэматыцы, а яшчэ «сотку» атрымаў па выніках цэнтралізаванага тэставання па фізіцы.
Раней стала вядома, што максімальныя 400 балаў на тэставанні набралі Марк Мацкевіч з Наваполацка, Паліна Дычак з Ліды, Вольга Друшчыц з Жабінкаўскага раёна і Мілена Васько з Мазыра. Гендарны баланс, такім чынам, выраўняўся — на цяпер сярод вядомых нам 400-бальнікаў па трое хлопцаў і дзяўчат.
Чытайце таксама:
Рэктар Полацкага ўніверсітэта прызнаў, што большасць выкладчыкаў у 2020-м падтрымалі пратэсты