Хто схаваў гісторыю Полацкай дзяржавы
400 гадоў слаўнай гісторыі, а ведаем мы пакуль так мала. Можа, Полацк заснавалі балты? Ці, можа, выхадцы з Балканаў, дакі? А можа, Уладзімір быў «крывічом», а не «рабычычам»? І Полацкія летапісы ды княскія магілы — ці не маглі іх свядома знішчыць літоўцы? На гэтыя і іншыя пытанні з гісторыі Полацкага княства шукае адказ вядомы беларускі гісторык з Падляшша Алег Латышонак у эфіры «Радыё Свабода».
14.07.2023 / 20:23
Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу: сваты наўгародскага князя Уладзіміра ў Рагвалода (злева); Рагвалод гутарыць з Рагнедай, якая адмовілася выйсці замуж за Уладзіміра (справа). Фота: Wikimedia Commons
Алег Латышонак лічыць, што гісторыя Полацкай дзяржавы недастаткова вывучаная і асэнсаваная. Гэта ён тлумачыць малой колькасцю даследчыкаў, якія займаюцца раскопкамі, што звязана з вялікімі выдаткамі на археалагічныя даследаванні.
«Полацкае княства ўвайшло ў гістарычную свядомасць беларусаў. Але яго нельга параўнаць з Вялікім Княствам Літоўскім. А гэта чатырыста гадоў вельмі цікавай і складанай гісторыі», — адзначае гісторык.
Латышонак ставіць пад сумненне існаванне племені крывічоў. На яго думку, яно магло існаваць толькі ва ўяўленнях пазнейшых гісторыкаў. «Мы не маем ніякіх ранейшых гістарычных крыніц і не ведаем, кім сябе бачылі жыхары старажытнай Полацкай дзяржавы», — кажа ён.
Што такое Старажытная Русь і хто стварыў Полацкае княства
У яго перакананні Русь — гэта кампанія купцоў-ваяўнікоў, якая заваявала краіну.
«Мы мусім разумець, што была руская дынастыя. Тут няма ніякіх сумневаў. Род, які вёў сваю гісторыю ад Рурыка (у чым я вельмі сумняваюся) ці ад Ігара (што больш імаверна), быў Руссю. Уся аграмадная дзяржава, якая тады ўзнікла, была дынастычным утварэннем. Рускімі былі ўсе, хто належаў да гэтай дынастыі. Пазней гэта пашырылася разам з хрышчэннем, калі праваслаўе стала «рускай верай», бо яно прыйшло ў час гэтай дынастыі», —
выказвае сваю думку Латышонак.
Іншае пытанне — хто такія палачане, хто стварыў Полацкае княства. Гісторык згадвае, што ёсць паняцце дадзяржаўных утварэнняў, якія трымаліся на аўтарытэце правадыра. Але невядома, хто быў гэты правадыр, з кім ён змагаўся за Полацк.
«Вікінгі хваліліся, што ўзялі Полацк. Гэта ёсць у Gesta Normannorum («Дзеях нарманаў». — Рэд.). Гэтыя Gesta напаўлегендарныя, але не больш за «Аповесць мінулых гадоў» і ўсе так званыя «рускія летапісы». Тое, што там ёсць, мы ўспрымаем як гістарычную праўду», — адзначае гісторык.
Алег Латышонак звяртае ўвагу на тое, што трэба памятаць, што нават Рагвалод і Рагнеда — легендарныя асобы. Пра іх няма ніякай згадкі ні ў якіх дакументах. Невядома, адкуль яны з'явіліся і кім былі. Можна толькі здагадвацца, што гэта былі нарманы.
«Я не згодны з тым, што гэта былі шведы. Хаця пра Рагвалода не ведаю. Раней у нас былі датчане. Яны хваліліся, што ўзялі Полацк. І гэта быў клан самага славутага вікінга Рагнара Лодбрака, які больш вядомы на Захадзе», — распавядае Латышонак.
Гісторык адзначае, што аповеды пра дзеі нарманаў не датаваныя, таму вельмі цяжка вызначыць, калі яны захапілі Полацк. Ён мяркуе, што гэта магло адбыцца каля 840 года, і заваёўнікам мог быць сын Рагнара Хальфдан альбо яго брат Хастань. Вельмі магчыма, як лічыць Латышонак, што ўжо ў той час вікінгі не проста ўзялі Полацк, але і заснавалі там нейкую дынастыю.
Гісторык звяртае ўвагу на цікавую акалічнасць. Па звестках з крыніц, ад вікінгаў Полацк абараняў нейкі Вішпац. Па-літоўску гэта азначае «правадыр». І гэта чарговая загадка. Такія звесткі нараджаюць гіпотэзу аб тым, што правадыр Полацка быў літоўцам, а горад быў балцкім.
«Далей загадка за загадкай. Вялікі ўкраінска-амерыканскі гісторык Амялян Прыцак лічыць, што ў Полацку княжыў знакаміты Алег, і ад яго ідзе полацкая дынастыя. Ці што Усяслаў Чарадзей не «чарадзей», а «вешчы», як і «вешчы Алег». Усяслаў меў скандынаўскае імя Алег», — дапускае гісторык.
Чаму Рагнеда не хацела замуж за Уладзіміра?
На думку Латышонка, калі дапусціць, што Рагнеда была скандынаўкай (нарманкай), то ўзнікае пытанне, чаму яна не хацела ісці замуж за Уладзіміра.
Антон Ласенка. «Уладзімір і Рагнеда» (1770)
«Найбольш папулярная фраза, якая гучыць з яе вуснаў: «Не хачу рабычыча». Але хто была гэтая рабыня, яго мама? І ёсць менш тэкстаў, дзе яна кажа: «Не хачу крывіча». І тады наша гісторыя становіцца дагары нагамі: Рагнеда была нарманкай, Уладзімір быў крывічом. Уладзімір наш, ён стварыў усю гэтую вялікую Рускую дзяржаву, якой мы павінны ганарыцца»,
— выказвае свой погляд гісторык.
Чаму Полацк ваяваў з Кіевам?
Латышонак лічыць, што можна сцвярджаць, што Брачыслаў быў суўладальнікам Кіева. Таму нічога дзіўнага, што пасля вызвалення з палону кіеўцы прызвалі Усяслава (яго сына. — Рэд.) на княжанне, бо ён таксама належаў да таго ж роду, што і іншыя князі.
Але гэты род, як заўважае гісторык, быў выключаны са спадчыны. І з гэтага можна сказаць, што Полацкае княства не ўваходзіла ў склад гэтай Русі і было асобнай дзяржавай. Гэта адбылося падчас зʼезда князёў у Любечы (1097 год):
«Так як полацкіх князёў выключылі са спадчыны, то яны былі толькі полацкімі ўладарамі. І з гэтай пары не было адной Рускай дзяржавы».
Барацьба кіеўскіх князёў Яраславічаў і полацкіх Рагвалодавічаў была абумоўленая дынастычнай барацьбой.
«Пасля выключэння са спадчыны яны трактавалі іх як чужых і ваявалі з імі. Ваявалі як з чужой дзяржавай, якую трэба заняць, падпарадкаваць сабе, выключыць гэтых Рагвалодавічаў, паслаць недзе ў Візантыю, каб ваявалі з сарацынамі, бо забіваць тады трохі няёмка было. Хаця было рознае», — сцвярджае гісторык.
Полацк як марская дзяржава
Алег Латышонак лічыць, што пачынаючы ад Усяслава Брачыславіча можна гаварыць пра тое, што Полацк меў моцную дзяржаўную тоеснасць. Можна лічыць, што менавіта гэты князь быў яе заснавальнікам.
Пачатак княжання Усяслава Брачыславіча ў Полацку, фрагмент мініяцюры. Фота: Wikimedia Commons
Гісторык адзначае, што палачане мелі свядомасць, што мясцовасць вакол Рыгі была іх уласнасцю да той пары, пакуль там не атабарыліся немцы. Полацкая дзяржава сваімі межамі даходзіла да мора.
«Можна сказаць, што мы мелі марскую дзяржаву. Яна мела і свой флот, пра што мы зусім не памятаем. І чым мог займацца Усяслаў са сваёю дружынаю? Магчыма, ён, як сапраўдны вікінг, недзе ваяваў. Мог, напрыклад, быць у Брытаніі разам з Харальдам Хардрадэ. Дружына патрабавала занятку. Полацк часоў Усяслава і яго нашчадкаў мне ўяўляецца марской дзяржавай», — адзначае гісторык.
Чаго мы не ведаем пра раннюю гісторыю Беларусі?
Алег Латышонак адзначае, што да сёння няма ўпэўненасці адносна балтаў. Ёсць тэорыя балцкага субстрату, але выразна відаць, як лічыць гісторык, што там мусіў быць яшчэ нейкі субстрат.
«На поўначы ёсць угра-фінскі субстрат. Але на ўсёй тэрыторыі Беларусі маем гідраніміку, якую праз балцкія словы немагчыма тлумачыць. Мы мелі вялікі дадатак крыві з Балканаў — на Палессі больш за чвэрць, а ў цэлым на Беларусі каля чвэрці. Гэта сведчыць, што была вялікая міграцыя з Балканаў у дагістарычныя часы. І мы не ведаем, хто гэта быў. Дакі ці хто іншы. Нам трэба ўспрымаць гэтую гісторыю як больш складаную. Гэтаксама, як фармаванне нашых этнічных каранёў. Усе антрапалагічныя даследаванні паказваюць, што з Балканаў [на землі Беларусі прыйшла] аграмадная хваля. І гэта ў даславянскія часы»,
— кажа Латышонак і заўважае, што генетыка пакуль ставіць больш пытанняў, чым дае адказаў. Таму нельга ніякую тэорыю паходжання беларускага этнасу трактаваць як аксіёму. Трэба дыскутаваць, праводзіць далейшыя даследаванні. Магчыма, у заходніх архівах знойдуцца да гэтага часу невядомыя дакументы.
«Вельмі шмат у нас абапіраецца на легендах, на крыніцах, якія ніхто не бачыў. Ці бачыла адна асоба, а пасля гэтага ўжо не знайшлі. Напрыклад, фрагмент пра Усяслава Чарадзея. Ёсць некалькі цікавых згадак, як ён увайшоў у дамову з нейкім чараўніком. Ён абяцаў, што Усяслаў заваюе свет, і загадаў яму кідаць валасы і ліць кроў на дзіду. Усяслаў адказаў, што кроў будзе ліць, а валасы ў агонь кідаць не будзе, бо гэта чорная магія. На што яму чараўнік сказаў: «То будзеш усё жыццё праліваць кроў, а светам панаваць не будзеш». Ёсць і іншыя сюжэты. Напрыклад, пра бунт у Полацку. Але ніхто пазней гэтага дакумента не бачыў»,
— распавядае Латышонак.
Хто схаваў гісторыю Полацкай дзяржавы?
Латышонак згадвае, што першым пытанне аб тым, чаму мы не маем Полацкага летапісу і магіл полацкіх князёў, хоць горад быў другім у Вялікім Княстве Літоўскім, паставіў Юрый Заяц. Ён у гэтым абвінавачваў літоўцаў.
«Маем вялікую прорву, цёмнае стагоддзе паміж Полацкім княствам і Вялікім Княствам Літоўскім. І ўжо з часоў Вялікага Княства Літоўскага не маем ніякіх апавяданняў падарожнікаў або мясцовых аўтараў. Ніхто не напісаў, што вось тут грабніца такога полацкага князя, а вось тут такога»,
— кажа гісторык і нагадвае, што нічога не вядома і пра магілы іншых князёў з дынастыі Рагвалодавічаў. Ні друцкіх, ні віцебскіх. Хоць нашчадкаў Рагвалодавічаў было шмат.
Латышонак адзначае, што гісторыю Полацкага княства ператварылі ў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага ў «Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» на пачатку XVI стагоддзя.
«Бралі жывыя кавалкі з такіх летапісаў, як Іпацьеўскі, цэлыя сюжэты. І тое, што тычылася Полаччыны, у выніку ўжо тычылася літоўцаў. Так што гэтая палітыка была мэтанакіраваная»,
— адзначае Латышонак.
На яго думку, мы не можам усяго даказаць, але «калі ў Новы час ужо няма следу ад Полацкага княства, калі пачынае сцвярджацца гісторыя Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага так, што, маўляў, тут татары ўсё знішчылі і літоўцы пачалі ўсё наноў, то, я думаю, гэта была дзяржаўная гістарычная палітыка».
Латышонак не падтрымлівае гіпотэзы Міколы Улашчыка аб тым, што Полацкі летапіс знішчылі езуіты. Ён абгрунтоўвае гэта тым, што, «па-першае, за руку іх ніхто не злавіў. Па-другое, полацкіх летапісаў ужо магло не быць».
Гісторык адзначае, што езуіты зʼявіліся ў Полацку ў часы Баторыя, які ўзяў горад, а не вызваліў.
Ян Матэйка. «Стэфан Баторый пад Псковам» (1872)
«Я разумею, што зараз крык падымецца, але ж трэба разумець, што Іван Жахлівы быў у Полацку з крыжовым паходам на просьбу праваслаўнага насельніцтва Полацка. А Баторый узяў горад мячом, як ён сам сказаў. І ўсё, што там было праваслаўнае, перадаў католікам»,
— абгрунтоўвае сваю пазіцыю Латышонак і адзначае, што якраз у той час бібліятэка магла загінуць. Яе маглі вывезці маскоўцы, яна магла загінуць і ў час Баторыя, але да зʼяўлення езуітаў. Гісторык лічыць, што знікненне Полацкага летапісу — справа ранейшая.
«Пра яго ўжо ніякіх згадак раней не маем. Таму вінаваціць езуітаў, Івана Жахлівага ці Баторыя дарэмна. Проста ўжо да іхняга часу мы не ведаем, каб нешта захавалася. Ні езуіты, ні XVI стагоддзе ні пры чым. Ствараліся падмуркі новай дзяржавы, а так як яна не выводзілася з гісторыі Полацкай дзяржавы, то гэта было забыта. Трэба памятаць, што ў Полацку літоўцы кіравалі ўжо з паловы ХІІІ стагоддзя»,
— выказвае свой погляд Латышонак.
На яго думку, усё магло пачацца ў тыя часы, бо кожны князь прыходзіў са сваёй дружынай. Тыя дружыннікі, хоць і прымалі праваслаўе, адносіліся да іншай традыцыі.
Латышонак аздначае, што нічога не кажа з упэўненасцю, пэўна толькі адно — страта Полацкага летапісу адбылася раней за XVI стагоддзе. Гісторык не знаходзіць ніякіх звестак пра тое, што Полацк мае сваю гісторыю, якой трэба ганарыцца.
«Усё, што палачане ведаюць, гэта што горад іх «слаўны». Чаму ён «слаўны»? Можа таму, што купецкі? Але гісторыяй слаўнай яны не хваляцца»,
— заканчвае свой аповед Алег Латышонак.
Працяг гэтых гутарак анансаваны.
Чытайце яшчэ:
Князь Ігар & Co.: Русь як гандлёвая карпарацыя, якая займалася аптовымі пастаўкамі рабоў
Латышонак: Уладным колам і апазіцыі не хапіла розуму аб’яднацца