Ціханоўская расказала, чаго чакае ад саміту НАТА для Беларусі

Падчас сайд-івэнту па Беларусі, які прайшоў на палях саміту НАТА ў Вільні, Святлана Ціханоўская закранула пытанні расійскага ўплыву ў рэгіёне, падтрымкі для беларусаў, супрацы з НАТА і будучых выбараў.

11.07.2023 / 11:45

Святлана Ціханоўская. Фота: «Наша Ніва»

Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць трымаць Беларусь у фокусе. 

«Мы не павінны баяцца супрацьстаяць расійскім інтарэсам у нашым рэгіёне. Менавіта Расія выбрала шлях канфрантацыі. Мы не павінны дазволіць пуцінскай Расіі пазбавіць беларускі народ магчымасці выбраць еўрапейскі шлях развіцця», — сказала Ціханоўская.

Яна дадала, што ўжо цяпер можна пачаць супрацоўніцтва паміж НАТА і дэмакратычнай Беларуссю ў рамках праграмы «Партнёрства ў імя міру». 

«Мы таксама можам стварыць кансультатыўную групу паміж НАТА і дэмакратычнымі сіламі, як гэта было зроблена з ЕС. Гэта магло б стаць платформай для абмену ідэямі і выпрацоўкі агульных стратэгій», — дадала Ціханоўская.

Палітык таксама адзначыла, што, абмяркоўваючы трыбунал для Пуціна, свет не павінен забываць пра Лукашэнку. «Ён злачынец, а не прэзідэнт. Выдача ордара на яго арышт стала б моцным пасланнем беларускаму народу і спрыяла б расколу эліты».

Яна выказала чаканне, што абнадзейванне беларусаў магло б стаць адным са станоўчых вынікаў саміту НАТА.

Міністарка замежных спраў Ісландыі Тордзіс Гільфадоцір адзначыла, што міжнародная супольнасць мусіць дапамагаць грамадзянскай супольнасці Беларусі, незалежным медыя. «Гэта наш абавязак зрабіць іх барацьбу нашай барацьбой», — адзначыла яна.

«Гэта нацыя, якая заслугоўвае быць вольнай, дэмакратычнай і быць у еўрапейскай сям’і», — выказаўся намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адоменас, які для сённяшняй дыскусіі абраў сіня-жоўты гальштук.

Прагучала пытанне пра статус Беларусі — ці ў будучым яго бачаць нейтральным, ці краіна будзе ў НАТА.

Ціханоўская адказала, што любыя размовы пра ўдзел Беларусі ў НАТА ці іншых аб’яднаннях заўчасныя. Спачатку павінны адбыцца дэмакратычныя змены, а пасля свой выбар мусіць зрабіць народ Беларусі.

Кажучы пра нядаўні мяцеж Прыгожына, Ціханоўская адзначыла, што падчас яго дэмакратычныя сілы атрымлівалі шмат паведамленняў знутры Беларусі, што людзі гатовыя да дзеянняў, чакаюць указанняў.

Ціханоўскай задалі пытанне пра яе бачанне выбараў, якія ў 2024—2025 гадах павінны адбыцца ў Беларусі.

«Мы будзем выкарыстоўваць так званыя парламенцкія выбары, каб мабілізаваць людзей», — сказала Ціханоўская.

Але заўважыла, што, калі сітуацыя захаваецца такой жа, як цяпер, калі палітвязні застаюцца ў турмах, прэзідэнцкіх выбараў не павінна быць наогул.

У размове з журналістамі Ціханоўская адзначыла, што падчас міжнародных сустрэч яны не пачулі па ядзернай зброі, якую плануюць размясціць у Беларусі, моцнай рэакцыі з боку саюзнікаў. «Бо для іх няма розніцы, з якога боку яна прыляціць», — удакладніла яна.

Па пытанні палітвязняў Святлана Ціханоўская нагадала, што іх стратэгія — ціск на рэжым і дапамога людзям.

«Купляць — спрацуе на аднаго-двух чалавек, але ж там тысячы сядзяць», — выказала яна сваю думку наконт прапаноў «вытаргаваць» палітвязняў.

Nashaniva.com