«Гальчанюку выстаўлена абвінавачанне». Стала вядома, з-за чаго сын экс-гульца зборнай Беларусі пазбавіўся кантракта ў НХЛ

Напад на прыватную ўласнасць, хуліганства, непадпарадкаванне, супраціўленне арышту і пагрозы або запалохванне.

14.07.2023 / 08:02

Фота: Photo by Jari Pestelacci / Eurasia Sport Images / Getty Images

13 ліпеня стала вядома, што «Арызона» змясціла 29-гадовага форварда Алекса Гальчанюка на драфт адмоў з мэтай скасавання кантракта — праз два тыдні пасля таго, як хакеіст перайшоў у клуб.

Высветлілася, што Гальчанюк быў арыштаваны 9 ліпеня па шэрагу абвінавачанняў, уключаючы напад на прыватную ўласнасць, хуліганства, непадпарадкаванне, супраціўленне арышту і пагрозы або запалохванне, як паведамляе «Беларускі хакей» са спасылкай на The Athletic.

У паліцэйскім упраўленні Скотсдэйла пацвердзілі ўсе факты і заявілі, што «гэта быў толькі матэрыяльны ўрон і ніякіх траўмаў не было».

Прадстаўнік турмы паведаміў, што хакеіст быў накіраваны ў гарадскую турму ў нядзелю вечарам і вызвалены на наступны дзень пад падпіску аб нявыездзе.

Згодна з пратаколам суда, у панядзелак Гальчанюку было выстаўлена абвінавачанне.

Агент Гальчанюка Пэт Брысан пакуль ад каментароў адмовіўся.

Прадстаўнік NHLPA сказаў: «Мы разглядаем гэтае пытанне». Прафсаюз мае 60 дзён з даты скасавання кантракта, каб вырашыць, падаваць скаргу ці не.

Гальчанюк правёў 654 матчы ў НХЛ і набраў 354 (146+208) ачкі. Хакеіст абраны «Манрэалем» пад трэцім нумарам на драфце НХЛ — 2012.

Бацька Алекса Аляксандр Гальчанюк правёў нямала матчаў за зборную Беларусі, у тым ліку і на Алімпійскіх гульнях.

Сам Алекс аднойчы на зборах у Беларусі прымераў форму нашай нацыянальнай каманды, аднак гуляе за зборную ЗША.

Чытайце таксама:

Малады беларускі брамнік падпісаў кантракт з камандай НХЛ

Ягор Шаранговіч пакінуў «Нью-Джэрсі»

Беларус выйграў прэстыжны Кубак Колдэра

Nashaniva.com