Рэцыдывіст пра Акрэсціна: «Такога не бачыў за ўвесь свой 26-гадовы стаж»

Чытач «Нашай Нівы» расказаў пра сваё знаходжанне ў ЦІПе.

16.07.2023 / 18:11

Фота: Наша Ніва

Чытач знаходзіўся на Акрэсціна ў пачатку 2023 года. Ён піша, што кіраўніцтва ўстановы наўмысна падтрымлівала ў камерах невыносную цеснату.

Пры гэтым колькасць людзей у камеры намагаліся строга кантраляваць. Так, у камеры, дзе знаходзілася чацвёра нараў, было 24 чалавекі, у камеры з шасцярымі нарамі — 27 чалавек. Як піша былы вязень, як толькі «мы налічылі 15 чалавек на чацвёра нараў і баяліся [спужаць] фартуну, як нам зладзілі свята БНР» і злілі дзве камеры ў адну.

Ён пацвярджае звесткі аб тым, што ў камерах, дзе размешчаны «палітычныя», ніколі не выключаецца асвятленне. Таму зняволеныя клаліся галавою да тумбачак, каб не так свяціў у вочы «месяц».

Чытач спасылаецца на словы сукамерніка — рэцыдывіста Пятровіча, які правёў у турмах, па яго ўласных словах, 26 гадоў — аб тым, што «такога, як у нашай камеры, ён не бачыў за ўвесь свой стаж».

Гэты чалавек у камеру трапіў не выпадкова. У яго былі лабковыя вошы. Акрамя таго, стары дрэнна бачыў і не мог праз гэта акуратна змыць за сабою ў прыбіральні.

Чытач піша, што ў сакавіку разам з ім у камеры знаходзілася два чалавекі, якія былі хворыя на астму. Ён зразумеў гэта па леках, якія стаялі ў тумбачцы, якую выпадкова зачапіў галавою, калі клаўся спаць. Сярод зняволеных быў і доктар.

Былы зняволены згадвае, што калі ў яго ацяклі ногі, «прадольная спрабавала зрабіць хоць што-небудзь з таго, што магла, і зрабіла — праз хвілін 30 расстаралася таблетачку, і ацёк ног прайшоў».

Чытайце яшчэ:

Смерць мужчыны на Акрэсціна: вось што вядома і што застаецца пад пытаннем

«Шанцаў на выратаванне не было». Падрабязнасці смерці мастака Алеся Пушкіна

Наступствы маглі быць катастрафічныя. Доктар — пра хваробу Марыі Калеснікавай

Антось Жупран