Ці хочуць нашы дзеці, каб мы расказвалі пра іх жыццё ў сацыяльных сетках?
У нашы дні цэлае пакаленне дзяцей, якія з падачы бацькоў сталі героямі сацыяльных сетак, пачынае дарослае жыццё. Не ўсім з іх падабаюцца лічбавыя версіі сябе.
16.07.2023 / 14:47
9-гадовая Насця Радзінская, гераіня папулярнага дзіцячага ютуб-шоу Like Nastya. Фота: інстаграм
Дзеці, чые фота і гісторыі бацькі выкарыстоўвалі як кантэнт для сацыяльных сетак, сёння ўжо дастаткова дарослыя, каб мець сваё меркаванне, і многія з іх выказваюць занепакоенасць з нагоды сваёй публічнасці.
NPR прыводзіць у прыклад дачку сумна вядомай блогеркі Хізэр Армстранг, якая ў маі скончыла жыццё самагубствам праз барацьбу з дэпрэсіяй і алкагольнай залежнасцю — барацьбу, пра якую яна адкрыта распавядала легіёнам сваіх паслядоўнікаў.
У 2001 годзе Армстранг запусціла сайт Dooce.com, і тое, што пачыналася як свайго роду анлайн-дзённік, хутка ператварылася ў адзін з самых папулярных «мамчыных блогаў» у інтэрнэце.
Аднак, нягледзячы на гэты поспех, Хізэр казала, што быць уплывовым чалавекам — не заўсёды лёгка. Яна прызнавалася, што ёй усё цяжэй і цяжэй вытрымліваць сваю публічнасць і што часам гэта становіцца пакутай.
Распавядаючы пра сваю сям’ю ў сеціве, жанчына прыцягнула ўвагу не толькі да сябе, але і да сваіх дзяцей, якія часта фігуравалі ў яе матэрыялах. Яе дачка Лета Эліз Армстранг, якой цяпер 19 гадоў, кажа, што паведамленні ў маміным блогу паўплывалі і на яе.
Лета памятае, як часам чытала допісы сваёй мамы і разумела, што для чытачоў усё было «прыхарошана». «Я была крыху засмучаная, бо ўвесь гэты кантэнт, звязаны са мной, размяшчаўся ў сацсетках, але ён не быў насамрэч пра мяне, — кажа дзяўчына. — Мне проста няёмка».
Сёння Лета падае заяўкі на працу і стажыроўкі і думае пра тое, як гэты лічбавы след будзе цягнуцца за ёй.
Вынікам таго, што некаторыя маці актыўна асвятляюць жыццё сваіх дзяцей, становіцца тое, што часта сябры і настаўнікі ў школе ў курсе ўсіх падзей — ад спрэчак паміж бацькамі да іншых падрабязнасцей з сямейнага жыцця. Часта гэтыя гісторыі, расказаныя з пункту гледжання маці, могуць быць перабольшаныя або непраўдзіва расказаныя аўдыторыі.
Таксама некаторыя дзеці з малых гадоў становяцца «мікразнакамітасцямі» і прызвычайваюцца да таго, што ім увесь час пішуць незнаёмыя людзі. Добра, калі гэтыя людзі кажуць добрыя словы і падтрымліваюць. Але часам яны пішуць паведамленні, якія пераходзяць межы павагі і прыстойнасці.
Ці мажліва дзяліцца дзіцячым кантэнтам бяспечна?
Відавочныя магчымыя негатыўныя наступствы «піяру» дзіцяці — крадзеж асабістых даных і распаўсюджванне зламыснікамі прыватнай інфармацыі «не па прызначэнні».
Еўрапейская педыятрычная асацыяцыя ў артыкуле, апублікаваным у мінулым месяцы, таксама звярнула ўвагу, што існаванне такога кантэнту «можа нанесці эмацыйную шкоду, выклікаць сорам і збянтэжанасць» дзіцяці па меры таго, як яно будзе сталець.
Джон Оўтс, псіхолаг і член Камітэта па этыцы Брытанскага псіхалагічнага таварыства, раіць уплывовым бацькам, якія хочуць адказна падыходзіць да паказу дзяцей у сваіх сацсетках, выкарыстоўваць той жа падыход, што і прафесійныя медыяарганізацыі падчас працы з непаўналетнімі.
«Галоўны прынцып — павага аўтаноміі, годнасці і недатыкальнасці прыватнага жыцця», — кажа Оўтс.
Магчыма, некаторыя бацькі маюць добрыя намеры, але не ўсведамляюць рызыкі, звязанай з уздзеяннем сацыяльных сетак, не толькі псіхалагічнай, але і іншай шкоды, напрыклад, трапляння кантэнту ў чужыя рукі.
У ходзе расследавання, праведзенага аўстралійскім урадам у 2015 годзе, былі прааналізаваны дзясяткі мільёнаў выяў на сайтах з дзіцячай парнаграфіяй і было высветлена, што каля паловы выяў узята з сацыяльных сетак.
Палітыкі пачынаюць звяртаць увагу
Законы аб дзіцячай працы былі напісаныя для фізічных працоўных месцаў і фізічнай вытворчасці. Але яны ніколі не прадугледжвалі анлайн-профіляў брэндаў і стварэння кантэнту. Цяпер гэта новая рэальнасць, і палітыкі адчуваюць важнасць прапрацоўкі гэтай тэмы.
Законапраект, нядаўна ўнесены на разгляд у штаце Вашынгтон, павінен спрасціць для дзяцей магчымасць выдаляць фота і відэа, якія некалі размясцілі іх бацькі, калі дзеці дасягнуць паўналецця. Гэты закон найперш накіраваны на бацькоў, якія атрымліваюць прыбытак ад фатаграфій і відэа сваіх дзяцей з дапамогай фірмовага кантэнту. Мэта — даць дзіцяці правы на яго выявы, каб яму плацілі за ўдзел у стварэнні кантэнту гэтак жа, як плацяць дзецям у Галівудзе.
Падобны законапраект таксама быў нядаўна разгледжаны ў штаце Ілінойс і, як чакаецца, будзе падпісаны губернатарам. Гэты закон, аднак, не дае дзецям права выдаляць кантэнт самастойна.
Чытайце яшчэ:
«Гэта новая норма». Як сацсеткі змяняюць мозг падлеткаў — навуковае даследаванне
«Чаму фінскія дзеці спяць у кардонных скрынках?» Незвычайная ідэя з Фінляндыі