Больш за 200 пацярпелых. Махляры-«забудоўшчыкі» прапаноўвалі нерухомасць па прывабных цэнах
Трое беларусаў больш за чатыры гады бралі грошы з дольшчыкаў, заключалі фіктыўныя дамовы пра куплю і продаж памяшканняў. Устаноўлена больш за 210 пацярпелых, паведамляе Следчы камітэт.
17.07.2023 / 13:04
Паводле СК, трое мужчын (36, 39 і 66 гадоў) больш за 4 гады заключалі пагадненні аб набыцці памяшканняў і дамовы куплі-продажу. Пасля атрымання грошай ад дольшчыкаў фігуранты выводзілі грошы з рахункаў падкантрольных арганізацый і выдаткоўвалі на асабістыя патрэбы.
Паводле следчых, арганізаваў схему жыхар Бабруйска, ён уцягнуў у незаконны бізнэс бацьку і знаёмага. У цэнтры Магілёва яны арганізавалі офіс, стварылі кол-цэнтр.
Устаноўлена больш за 210 пацярпелых, якія праз злачынныя дзеянні «бізнэсменаў» страцілі каля 7 мільёнаў рублёў.
У абвінавачаных арыштаваная маёмасць на 8,5 млн рублёў.
Адзін з фігурантаў справы хаваецца ад следства ў адной з заходніх краін. Ён абвешчаны ў міжнародны вышук. Астатнія —прызнаныя вінаватымі і атрымалі, як піша СК, «15 гадоў пазбаўлення волі на дваіх».