У Еўрапарламенце просяць суд у Гаазе выдаць ордар на арышт Лукашэнкі

Дэпутаты заявілі, што Беларусь нясе адказнасць за шкоду, прычыненую Украіне ў сувязі з вайной, і злачынствы, учыненыя ва Украіне, у тым ліку праз ролю беларускага рэжыму ў незаконным вывазе дзяцей.

18.07.2023 / 14:38

Фота: Contributor / Getty Images

У Еўрапарламенце заклікалі Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы ордара на арышт Аляксандра Лукашэнкі. Гэта зроблена па выніках даклада аб адносінах ЕС з Беларуссю, піша «Еўрапейская праўда».

Дэпутаты заявілі, што Беларусь нясе адказнасць за шкоду, прычыненую Украіне ў сувязі з вайной, і злачынствы, учыненыя ва Украіне, у тым ліку праз ролю беларускага рэжыму ў незаконным вывазе дзяцей.

Даклад заклікае інстытуты ЕС і дзяржавы-члены прыняць усе неабходныя меры на міжнародным узроўні, каб зрабіць магчымым крымінальны пераслед беларускіх палітычных і вайсковых лідараў, адказных за злачынствы супраць чалавечнасці і генацыд.

Дэпутаты адзначаюць: так як Міжнародны крымінальны суд ужо выдаў ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанага па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай, то суду варта разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага ордара на арышт Лукашэнкі.

Еўрапарламентарыі мяркуюць, што Рада ЕС таксама павінна пашырыць спіс беларускіх і расійскіх асоб, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі ЕС, каб абмежаванні распаўсюджваліся на тых, хто мае дачыненне да прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Nashaniva.com