Вугляродная ўгода Беларусі ў Афрыцы зрываецца
Ідэя Беларусі прадаць афрыканскім краінам квоты на вугляродныя выкіды, здаецца, пацярпела крах. Афрыканскі рынак добраахвотных вугляродных крэдытаў заявіў, што гандлюе толькі кампенсацыямі, якія прадстаўляюцца краінамі Афрыкі, піша Reform.by са спасылкай на Bloomberg.
19.07.2023 / 10:49
Фота: @DZumaSambudla / Twitter
Біржа «будзе гандляваць на сваёй платформе вугляроднымі крэдытамі, якія паходзяць з краін афрыканскага кантынента, але не з іншых юрысдыкцый», — заявіў Кванеле Хлабангана, кіраўнік афрыканскага рынку добраахвотных вугляродных крэдытаў (AVCCM). Ён таксама дадаў, што замежныя медыя «паспрабавалі ўцягнуць іх арганізацыю ў геапалітыку».
На кліматычнай канферэнцыі ў Зімбабвэ ў пачатку ліпеня экс-прэзідэнт ПАР Джэйкаб Зума выступіў ад імя беларуска-афрыканскай гандлёвай асацыяцыі (BAFTA) і прапанаваў афрыканскім краінам квоты на вугляродныя выкіды. Два мільёны «вугляродных кампенсацый» павінны былі быць выстаўленыя на новай біржы AVCCM, якая ствараецца ў Зімбабвэ. Беларускі бок пазней заявіў, што прапануе крэдыты лясной праграмы «Сібір».
У каментары выданню прадстаўнік BAFTA заявіў, што арганізацыя паважае камерцыйнае рашэнне AVCCM. «Што тычыцца Зімбабвэ, то наша прапанова і намер застаюцца ў сіле», — заявілі ў BAFTA.