Паліну Шарэнду-Панасюк збілі ў зарэчанскай калоніі — праваабаронцы
Палітзняволеная актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк, супраць якой заведзена новая крымінальная справа, была збітая ў папраўчай калоніі №24. Паводле сведкі, якая бачыла Паліну ў канцы чэрвеня ў СІЗА на Валадарскага, у жанчыны было пабіта пераноссе і былі бачныя два сінякі пад вачыма, піша «Вясна». Паведамляецца, што гэта зрабілі зняволеныя жанчыны, якіх да Паліны адправіла адміністрацыя папраўчай калоніі.
19.07.2023 / 12:39
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: сацыяльныя сеткі
Паводле мужа палітзняволенай Андрэя, у чэрвені яму стала вядома, што Паліне выклікалі хуткую дапамогу і накіроўвалі яе на некаторы час у медсанчасць. Ён лічыць, што, хутчэй за ўсё, яна была збітая менавіта ў гэты час.
Нядаўна Паліна была накіраваная на экспертызу ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя «Навінкі». Этап туды адбываўся праз «Валадарку». Але Паліна адмовілася ад экспертызы: яна не размаўляла з дактарамі, адмовілася прымаць любыя лекі, а таксама здаваць любыя віды аналізаў.
У выніку Паліну тэрмінова, спецэтапам, адправілі на «Валадарку» і літаральна праз пару начных гадзін з СІЗА-1 этапавалі назад у калонію №24 у Зарэччы.
Чытайце таксама:
Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк везлі з калоніі ў СІЗА на Валадарскага 18 сутак
Паліну Шарэнда-Панасюк працягваюць утрымліваць у карцары. За год яна правяла там 200 сутак
Палітзняволеную Шарэнда-Панасюк за два з паловай месяцы чацвёрты раз упяклі ў ШІЗА