Кыргызстан пад ціскам ЗША абмяжоўвае транзіт санкцыйных тавараў у Расію

Улады Кыргызстана ўзмоцняць экспартны кантроль за таварамі вайсковага і падвойнага прызначэння. Так у Мінэканомікі гэтай краіны адрэагавалі на нядаўнюю публікацыю The Washington Post пра планы ЗША ўвесці санкцыі супраць кыргызскіх кампаній за дапамогу Расіі, піша «Коммерсант».

20.07.2023 / 16:45

Прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў на парадзе ў Маскве 9 мая 2023 года. Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Крыніцы The Washington Post заяўлялі, што Бішкек актыўна пастаўляе Маскве тавары падвойнага прызначэння, у тым ліку чыпы і дроны з Кітая і Паўднёвай Карэі. Пасля гэтага ўлады Кыргызстана заявілі, што будуць больш дбайна сачыць за рээкспартам тавараў у Расію і нават гатовыя правесці кансультацыі з амбасадарамі ЗША і ЕС.

Праз гэта Масква можа страціць яшчэ адзін важны транзітны хаб.

Паводле падлікаў суразмоўцаў «Коммерсанта», буйныя амерыканскія чыноўнікі пагражалі ўвесці санкцыі супраць краін СНД як мінімум тройчы. У выніку ў маі пад абмежаванні падпалі адзінкавыя прадпрыемствы з Кыргызстана і Арменіі.

Мяркуючы з публікацыі The Washington Post, цяпер ЗША маюць намер значна стражэй пакараць Бішкек, паколькі за год гэтая цэнтральнаазіяцкая краіна павялічыла экспарт у Расію ажно на 250%. Гэта можа стаць важным сігналам для ўсіх астатніх партнёраў Масквы на постсавецкай прасторы.

Пасля папярэдніх пагроз амерыканскіх уладаў стражэй стаў кантраляваць таварны і фінансавы абарот з Расіяй Казахстан, пасля чаго Кыргызстан стаў ці найгалоўнейшай альтэрнатывай для расійскага бізнэсу.

Цяпер, як прагназуюць расійскія эксперты, «пачнуцца складанасці па ажыццяўленні плацяжоў. Спачатку гаворка ідзе пра тавары падвойнага і вайсковага прызначэння, а потым спіс ужо будзе распаўсюджвацца наогул на ўсё, як мы гэта бачылі па Казахстане. Месяц-тры — і мы заўважым скарачэнне актыўнасці на кыргызскім кірунку».

Сярод даступных транзітных альтэрнатыў для Расіі па-ранейшаму застаецца Кітай і Турцыя, якая, зрэшты, таксама зрабіла правілы стражэйшымі. Ёсць яшчэ краіны афрыканскага кантынента, але гэта пакуль неапрацаваныя маршруты, якія да таго ж значна даражэйшыя, адзначаюць эксперты.

Зрэшты, любыя пастражэнні кантролю прыводзяць толькі да павелічэння тэрмінаў дастаўкі і росту цэнаў, а кардынальных пагаршэнняў можа і не быць, супакойваюць іншыя эксперты.

Гэтыя абмежаванні могуць закрануць і Беларусь, бо ў яе з Кыргызстанам таксама апошнім часам значна ўзраслі эканамічныя сувязі. Нядаўна пасол Кыргызстана ў Беларусі Эрмек Ібраімаў ацаніў рост экспартна-імпартных аперацый з Беларуссю ў 150-200%.

Чытайце таксама:

Краіны ШАС запусцілі працэдуру далучэння Беларусі

Вугляродная ўгода Беларусі ў Афрыцы зрываецца

У Казахстане адмянілі канцэрт Рыгора Лепса пасля таго, як ён паабяцаў плаціць па мільёне расійскіх рублёў за кожны падбіты ўкраінскі танк

Nashaniva.com