Сабачая мода. Якія беларускія брэнды ствараюць стыльнае адзенне для хатнiх любімцаў

Уладальнікі сабак не шкадуюць сродкаў на камфорт сваіх падапечных і купляюць ім дажджавікі і мілыя куртачкі. Паглядзелі, у якіх беларускіх брэндаў можна зладзіць шопінг для свайго любiмага сабакі ці ката.

26.07.2023 / 17:34

Ідэя ўпрыгожваць свойскіх жывёл з'явілася ў Англіі ў другой палове XVIII стагоддзя. Да гэтага адзенне для сабак таксама існавала, але насіла выключна ўтылітарны характар: шыпаваныя камізэлькі абаранялі гадаванцаў падчас бою, а лязы, замацаваныя на гуньцы, дапамагалі iм лягчэй вырвацца з лап мядзведзя падчас палявання. Але менавіта пры двары англiйскай каралевы Вікторыі на адзенне для любімцаў зірнулі з пункту гледжання моды. Прыдворныя дамы прыбіралі сваіх сабак у дарагія карункі і ўпрыгожвалі ашыйнікамі з каштоўнымі камянямі. Прыйсці на свецкі раўт з неапранутым сабачкам лічылася прыкметай благога тону.

Сёння сабачая мода перажывае чарговы бум, якi звязаны з пандэміяй Covid-19. Падчас каранціну продаж вырабаў для жывёл біў усе рэкорды, што не дзіўна: у некаторых краінах прагулка з сабакам была ледзь не адзінай легальнай падставай выйсці з дому, і, каб гадаванец мог гуляць доўга, яго прыходзілася ўцяпляць. Сёння пік «пандэмійнага шопінгу» далёка ззаду, але звычка купляць абноўкі любімцам засталася. Калі вы хочаце парадаваць вашага чатырохногага абноўкай made in Belarus, прыгледзьцеся да брэндаў з нашай падборкі.

Elema

Уцепленыя камбінезоны, стыльныя гунькі і камізэлькі прапануе тэкстыльны гігант «Элема». Мадэлі вытворцы ўпрыгожаны арыгінальнымі дэталямі: кішэнямі, футрам, прынтамі і надпісамі.

Фота: сайт брэнда

Апрануць любімца ва ўбор ад «Элемы» змогуць гаспадары як мініяцюрных, так і вялiкiх парод сабак: у апісанні калекцыі пазначаны шырокі памерны шэраг — ад XS да 4XL.

«Гю-вас»

Яшчэ адзін буйны вытворца сабачых рэчаў знаходзіцца ў Мінску. У асартыменце сталічнага брэнда можна знайсці не толькі адзенне, але яшчэ цацкі, ляжанкі і прыстасаванні для заточвання кіпцюроў — словам, усё, чым можна парадаваць свайго чатырохногага.

Фота: сайт брэнда

Адзначым афармленне сайта «Гю-вас» — плюшавая такса-мадэль, якая дэманструе калекцыі, здаецца нам асабліва крэатыўнай.

Lentochka

Лук для гадаванца можна вырабіць на замову — такая опцыя важная не толькі аматарам унікальных рэчаў, але таксама і гаспадарам сабак, якія маюць нестандартныя параметры. Пашывам такога адзення займаецца віцебскае атэлье Lentochka. У інстаграме брэнда можна знайсці прыклады работ: камбінезоны, сукенкі і нават зімовыя боцікі.

Фота: інстаграм брэнда

Sonita Style

Адзенне па індывідуальных мерках вырабляе і Sonita Style — мінскі брэнд адшывае куртачкі, камізэлькі і яркія худзі. Дызайнеры клапоцяцца аб камфорце сваіх «кліентаў» — рэчы на ​​дажджлівы сезон вырабленыя з непрамакальнай тканіны і ўцепленыя флісавай падшэўкай. Заказаць убор для любімца можна ў любы пункт свету: брэнд прапануе сваiм пакупнiкам міжнародную дастаўку.

Фота: інстаграм брэнда

Knits Doggy

Яшчэ адзін эксклюзіў для хатніх гадаванцаў — швэдры, камізэлькі і камбінезоны ручнога вырабу. Цiкава, што рэчы для сваіх улюбёнцаў у Knits Doggy знойдуць і аматары кошак — іх гадаванцам прапануюцца мілыя шапачкі на завязках i кофты.

Фота: iнстаграм брэнда

Любіце сваіх жывёл і памятайце, што мы нясём адказнасць за тых, каго прыручылі, у тым ліку за іх гардэроб.

Nashaniva.com