Навукоўцы высветлілі, у якой позе жанчыны часцей за ўсё атрымліваюць аргазм

У гетэрасэксуальных адносінах жанчыны падчас сэксу даходзяць да аргазму ў найлепшым выпадку ў 65%, тады як мужчыны — у 95% выпадкаў. Спецыялісты імкнуцца знайсці спосаб скараціць гэты разрыў.

21.07.2023 / 21:46

Фота: Наша Ніва

Меркаваныя перавагі розных поз для палавога акта апісаны ў шматлікіх часопісах, кнігах і на грамадскіх форумах. Аднак існуе мала навуковых даследаванняў, у якіх ацэньваецца сувязь паміж рознымі пазіцыямі пры палавым акце і іх здольнасцю выклікаць жаночы аргазм.

Гэтаму было прысвечана нядаўняе даследаванне амерыканскіх вучоных, вынікі якога апублікаваныя ў інтэрнэт-часопісе Sciencedirect.

Вучоныя ацанілі найбольш распаўсюджаныя позы гетэрасексуальнага палавога акта з пункту гледжання іх здольнасці стымуляваць вобласці жаночага тазу, якія ўдзельнічаюць у аргазме. Пры гэтым асаблівая ўвага была нададзена клітару, які па-беларуску называюць яшчэ «ласкацень». Гэта такія позы, як місіянерская, місіянерская з падушкай пад ягадзіцамі жанчыны, пазіцыя вершніцы (жанчына зверху), поза седзячы і поза па-сабачаму (калі жанчына стаіць на каленях, а мужчына знаходзіцца ззаду.) 

Даследаванне было арганізавана наступным чынам. Пасля 10-хвіліннага сэксу ў пары добраахвотнікаў пыталіся пра іх асабістае самаадчуванне. Да і пасля палавога акту з дапамогай УЗІ вымяралі крываток у клітары.

Вынікі даследавання паказалі, што місіянерская пазіцыя з падушкаю пад ягадзіцамі жанчыны паказала сябе лепшай за ўсе астатнія. Пры гэтай позе таз жанчыны злёгку прыпадняты, што палягчае стымуляцыю ласкатня і дазваляе палавому члену глыбей пранікаць.

Іншыя позы, акрамя позы па-сабачаму, паказалі, што прыток крыві да клітара таксама быў высокі. Дрэнныя паказчыкі позы па-сабачаму дактары тлумачаць слабым прамым кантактам паміж жаночым тазам і скураю яе партнёра, што прыводзіць да нязначнага павелічэння крыватоку ў параўнанні з пазіцыямі тварам у твар.

Нягледзячы на нізкую рэпрэзентатыўнасць, атрыманыя вынікі супадаюць з данымі ранейшых даследаванняў. Сярод іх — праца вучоных з Чэхіі, праведзеная ў 2020 годзе шляхам апытання звыш 20 тысяч чалавек. Апытанне паказала, што большая імавернасць жаночага аргазму дасягалася ў позах, пры якіх партнёры глядзелі адзін аднаму ў вочы. Удзельнікі апытання найлепшай назвалі позу вершніцы.

«Хоць яны тлумачаць поспех поз тварам да твару іх здольнасцю палягчаць вербальныя і фізічныя зносіны, нашы мадэлі пацвярджаюць гіпотэзу аб тым, што пазіцыі тварам да твару таксама біямеханічна максімізуюць стымуляцыю клітара і крывацёк»,

— пішуць амерыканскія дактары. «Акрамя таго, позы, у якіх партнёр лепш кантралюе ціск на клітар, з большай імавернасцю прывядуць да аргазму».

Журналісты Focus.de называюць прычыны, якія абумоўліваюць значную розніцу ў разрыве паміж паказчыкамі ў дасягненні аргазму мужчынамі і жынчынамі. На першае месца яны ставяць недахоп ведаў аб жаночай анатоміі.

Другой прычынай называюць распаўсюджанасць нерэалістычных ці лжывых (абумоўленых парнаграфіяй) сэксуальных ідэяў. У найбольш распаўсюджаным порна галоўная ўвага надаецца пранікненню і фрыкцыям, у той час як большасць жанчын ад гэтага аргазму не атрымліваюць. Ім неабходная дадатковая стымуляцыя ласкатня.

Значнай праблемай на шляху павелічэння працэнту жанчын, якія дасягаюць аргазму, з'яўляецца сорамам перад дзеяннямі, з якімі звязанае жаночае задавальненне, уключаючы мастурбацыю. Спецыялісты адзначаюць, што з дапамогай мастурбацыі жанчына лепш зразумее, што ёй найбольш прыносіць задавальненне.

У дадатак да разрыву, які існуе ў дасягненні аргазму, такая ж вялікая розніца існуе і ў частаце заняткаў мастурбацыяй. Мужчыны практыкуюць ананізм у тры разы часцей, чым жанчыны.

Нямецкае выданне дае парады, якія дапамогуць мець паўнавартаснае сэксуальнае жыццё.

Акрамя пашырэння ведаў сярод моладзі аб жаночай анатоміі, яны прапануюць жанчынам даследаваць сваё цела і знаходзіць тое, што падабаецца. Акрамя гэтага, жанчыне неабходна больш казаць свайму партнёру, што ёй падабаецца, сумесна шукаць позы і практыкаваць сэксуальныя гульні.

Важным момантам з'яўляецца ўменне расслабіцца падчас палавога акту, прадугледзець час для працяглай прэлюдыі. Гэта дапаможа стымуляваць жаночае жаданне.

Спецыялісты заклікаюць мужчын больш увагі надаваць розным спосабам стымуляцыі клітара сваёй партнёркі і заўважаюць, што калі ў гетэрасексуальных парах толькі 65 % жанчын атрымліваюць аргазм, то ў выпадку з лесбіянкамі гэты паказчык складае 86%.

Відавочна, што тут адыгрывае ролю веданне жаночага жадання, розныя варыянты стымуляцыі і больш адкрытыя зносіны.

Чытайце яшчэ:

Пасля аргазму (асабліва разам) лепш спіш, цяпер афіцыйна

«Самай пажылой пацыентцы было 77: яе хвалявала, што знік аргазм». Інтэрв'ю з сэксолагам Мінздароўя

Пра мастурбацыю, эпіляцыю, доўгія перапынкі ў сэксе — з гінеколагам 

Антось Жупран