Сахашчык: У расійскім войску мяркуюць, што Беларусь падарылі Прыгожыну
Як ставяцца да вагнераўцаў беларускія афіцэры і што аб прыходзе ПВК Прыгожына ў Беларусь кажуць у расійскім войску, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык расказаў медыя «Настоящее время».
23.07.2023 / 18:36
Валерый Сахашчык. Фота: Офіс Ціханоўскай
«Я думаю, што вельмі вузкае кола людзей, якія валодаюць рэальнай інфармацыяй пра тое, што робіць «Вагнер», — кажа Сахашчык. — Быў нейкі дагаварняк у вельмі вузкім коле, і гэты дагаварняк, мяркуючы па ўсім, спаўняецца. Нам дураць галаву, нам паказваюць нейкія карцінкі. Наколькі яны адпавядаюць праўдзе, складана сказаць. Насамрэч вялікая колькасць вагнераўцаў перамяшчаецца ў Беларусь.
Так, яны пачалі праводзіць заняткі па баявой падрыхтоўцы з прадстаўнікамі Узброеных сіл Беларусі. Што яны будуць рабіць далей, сказаць досыць складана. Для мяне відавочна адно: Лукашэнка выключаны з ланцужка прыняцця рашэнняў па гэтым пытанні.
Па той інфармацыі, якой я валодаю, усё адбылося без яго. У мяне ёсць пэўныя інсайды сярод расійскіх сілавікоў. Там існуе меркаванне, што Беларусь падарылі Прыгожыну. І ён цяпер усё робіць, не пытаючыся ні самога Лукашэнкі, ні ягонага атачэння.
Тыя пытанні, якія трэба было вырашыць, вырашаныя. Ён будзе асабіста рабіць усё, што лічыць патрэбным».
Як у беларускім войску ставяцца да таго, што прыехалі найміты ПВК «Вагнер»?
«У мяне даволі шырокія кантакты ў дзейным беларускім войску. Але трэба разумець, што са мной маюць зносіны людзі, якія прытрымліваюцца прыкладна такіх жа поглядаў, як і я. Сярод гэтых людзей ёсць абурэнне тым, што адбываецца, — кажа Сахашчык. — Гэтыя людзі цалкам сур'ёзна лічаць, што кіраванне тактычнай ядзернай зброяй таксама будзе перададзена вагнераўцам. Тым больш іх размясцілі побач з месцам, дзе дыслакуецца 465-я ракетная брыгада, у якой на ўзбраенні стаяць «Іскандэры». Усё гэта вельмі непрыемна.
Вядома ж, беларускія афіцэры адчуваюць, што ў іх проста забіраюць з-пад ног зямлю і робяць закладнікамі вельмі бруднай палітычнай гульні. Ніхто гэтым не задаволены. Але што яны змогуць зрабіць — жыццё пакажа».
Чытайце таксама:
Лукашэнка заявіў, што стрымлівае вагнераўцаў ад экскурсіі ў Варшаву і Жэшаў