Галівудская «наватарская» ШІ-прапанова для акцёраў гучыць як сцэнар для фантастычнага фільма
План прадзюсараў па пераадоленні найбуйнейшага крызісу ў кінаіндустрыі ўключае сканаванне з дапамогай штучнага інтэлекту акцёраў другога плану і выкарыстанне іх вобразаў і падабенстваў «на працягу вечнасці».
28.07.2023 / 20:31
Фота: Gettyimages
Нагадаем, што SAG-AFTRA (амерыканскі прафсаюз, які прадстаўляе каля 160 000 медыяпрафесіяналаў па ўсім свеце) 13 ліпеня абвясціў пра пачатак найбуйнейшага страйку акцёраў у гісторыі Галівуда. Гэта адбылося пасля таго, як перамовы паміж гільдыяй акцёраў і Альянсам кіна— і тэлевізійных прадзюсараў скончыліся нічым.
Падчас аб'явы SAG-AFTRA аб забастоўцы ўпершыню была агучана і так званая ШІ-прапанова, высунутая Альянсам кіна- і тэлевізійных прадзюсараў. Прапанова гэтая прадугледжвае сканаванне акцёраў другога плану для выкарыстання не толькі ў адным праекце, але і ў любым іншым праекце назаўсёды.
Gizmodo прыводзіць словы аднаго з кіраўнікоў акцёрскага прафсаюза, які больш падрабязна расказаў, што менавіта прапанаваў ім Альянс прадзюсараў. Так, Альянс прапанаваў, каб акцёры другога плана (масоўкі) былі адсканаваныя, за што яны атрымалі б аднадзённую аплату, а іх кампанія атрымала б правы на валоданне гэтай выявай выканаўцы і неабмежаванае ў часе выкарыстанне яе ў любым праекце без далейшай згоды і кампенсацыі акцёру.
Такім чынам студыі маглі б забіць адначасова двух зайцаў: значна скараціць выдаткі на акцёраў масоўкі, а таксама быць упэўненымі ў сваёй будучыні ў выпадку, калі акцёр другога плану пазней стане зоркай. Тады б студыі мелі неабмежаваныя магчымасці з дапамогай ШІ «састарыць» ужо адсканаваных выканаўцаў і зрабіць іх «зорнымі» ў новым фільме. Такая ідэя відавочна магла б прывесці да абясцэньвання прафесіі акцёра.
Такога роду інвестыцыі ў штучны інтэлект распаўсюджваюцца ў розных галінах. Праца акцёраў, пісьменнікаў і мультымедыйных мастакоў знаходзіцца пад пагрозай з-за нізкай рэнтабельнасці, высокай прыбытковасці штучнага інтэлекту і генератыўных прадуктаў. Паколькі да страйку разам з SAG-AFTRA афіцыйна далучаецца і WGA (аб’яднанне амерыканскіх прафсаюзаў, якія прадстаўляюць пісьменнікаў у кіно, тэлебачанні, радыё і інтэрнэт-СМІ), гэтую забастоўку ўжо называюць гістарычнай.
Апошні раз Гільдыя кінаакцёраў (да яе зліцця з Амерыканскай федэрацыяй артыстаў тэлебачання і радыё) баставала разам з Гільдыяй пісьменнікаў Амерыкі ў 1960 годзе, калі Рональд Рэйган быў прэзідэнтам Гільдыі. Цяперашні аб’яднаны страйк павінен паказаць, што салідарнасць мае ключавое значэнне для атрымання справядлівага кантракта для ўсіх работнікаў галіны.
Чытайце таксама:
У Галівудзе застрайкавалі 160 тысяч акцёраў. Некалькі зорак пайшлі проста з прэм'еры «Апенгеймера»
Больш за ўсё ад развіцця штучнага інтэлекту пацярпяць работнікі разумовай працы — аналітыкі