Лукашысты экстрадавалі ў Таджыкістан мясцовага апазіцыянера Нізамідзіна Насрыдзінава
Беларусь экстрадавала ў Таджыкістан апазіцыйнага актывіста Нізамідзіна Насрыдзінава. Пра гэта адвакат Насрыдзінава паведаміў ягоным сваякам, якія жывуць у Германіі, піша радыё «Озоди». Афіцыйнага паведамлення аб экстрадыцыі Насрыдзінава пакуль няма.
24.07.2023 / 20:32
Саідрыза Насрыдзінаў, брат Нізамідзіна, паведаміў радыё «Озоди» 24 ліпеня, што аб экстрадыцыі актывіста адвакату Нізамідзіна паведамілі ў Генпракуратуры Беларусі.
«Адвакат расказаў, што тры дні таму ён паехаў у Гродна да свайго падабароннага, аднак там яму заявілі, што затрыманага этапавалі ў сталіцу. У Генпракуратуры ў Мінску адвакату паведамілі аб экстрадыцыі Нізамідзіна ў Таджыкістан», — паведаміў Саідрыза Насрыдзінаў.
Нізамідзіна Насрыдзінава затрымалі 8 студзеня пры перасячэнні мяжы Беларусі на запыт уладаў Таджыкістана. Да перадачы ўладам Таджыкістана ён знаходзіўся ў СІЗА ў горадзе Гродне.
У Таджыкістане супраць Насрыдзінава распачатая крымінальная справа аб публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасці або апраўданні экстрэмізму (артыкул 307(1) КК). За гэта злачынства ў Таджыкістане прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў.
Генеральная пракуратура Беларусі прыняла рашэнне аб экстрадыцыі Насрыдзінава ў Таджыкістан 21 лютага. Насрыдзінаў абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе, аднак, мяркуючы з усяго, яго скарга прагназавана не была задаволеная.
Нізамідзін Насрыдзінаў з кастрычніка 2015 года жыў у Германіі. Мясцовыя ўлады далі яму і яго сямейнікам палітычны прытулак.
Чытайце таксама:
Жонцы Мікалая Статкевіча вярнулі ліст з пазнакай «Адмова ад атрымання»
«Нам не ўсё адно!» 29 ліпеня пройдзе анлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі