«Прапаганда называла мяне этнічным палякам — а я беларус». Заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» пра яе гісторыю, нападкі рэжыму і нечаканыя кнігі ў топе спамповак
Доступ да інтэрнэт-бібліятэкі «Kamunikat.оrg» Міністэрства інфармацыі заблакавала без тлумачэння прычыны. Яе заснавальнік Яраслаў Іванюк расказаў у інтэрв'ю «Нашай Ніве», што магло быць падставай для блакіроўкі і колькі кніг і артыкулаў з пачатку года спампавалі беларусы. І згадаў, як 20 гадоў таму пачыналася гісторыя бібліятэкі.
25.07.2023 / 12:38
Яраслаў Іванюк
«Навіна чаканая, бо рэжым знішчае ўсё беларускае»
Пра намер заблакаваць доступ да інтэрнэт-бібліятэкі Міністэрства інфармацыі фонду «Камунікат» не паведамляла. Офіс фонду «Kamunikat.оrg» месціцца ў Беластоку.
Высвятляць, чаму закрылі доступ да сайту Kamunikat.org, яго стваральнік не збіраецца.
«Каб сваім зваротам не пацвярджаць легальнасці рэжымнай установы, якую цяпер трэба называць Міністэрствам прапаганды або дэзынфармацыі», — тлумачыць ён.
На мінулым тыдні былі сігналы, якія сведчылі, што сайт «Камуніката» ў Беларусі не адкрываецца. Тады гэта звязвалася з тым, што вяліся праца па пераналадцы рэсурсу. Неўзабаве ён зменіць свой выгляд.
Таго, што з рэсурсам здарылася, варта было чакаць, бо рэжым знішчае ўсё беларускае, адзначае Яраслаў Іванюк.
«Камунікат», нягледзячы на блакаванне, не спыніць працы і будзе папаўняцца новымі публікацыямі. Цяпер на сайце больш за 50 тысяч беларускіх публікацый рознага тыпу: газеты, часопісы, кнігі, аўдыя— і відэафайлы. Апошнім часам дадаюцца аўдыякнігі, якія запісваюць акцёры і дыктары.
У офісе фонду «Камунікат»
«Пад увагу ідэолагаў трапіў у лістападзе мінулага года»
На думку Яраслава Іванюка, для блакіроўкі «Камуніката» рэжым Лукашэнкі мог знайсці прычыны без цяжкасцяў. Гэтак ён паступіў з сайтамі часопісаў «Наша гісторыя», «АРХЭ» або з інтэрнэт-пляцоўкамі Саюза беларускіх пісьменнікаў, згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
«На сённяшні момант у Беларусі ніхто альбо мала хто ставіць пытанні, чаму судзяць беларусаў і чаму яны сядзяць у турмах. Проста гэта незалежныя людзі, якія нечага добрага хочуць для Беларусі», — даводзіць Яраслаў Іванюк.
Ён адзначае, што нядаўна ў фармаце аўдыякнігі на розных рэсурсах «Камуніката» была апублікаваная беларускамоўная версія твора лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Пераклад зрабіў Валянцін Акудовіч.
«Рэжым не прызнае Святланы Алексіевіч. Яна вымушаная была пакінуць Беларусь і перабывае цяпер у эміграцыі. Магчыма, прычына блакавання сайту ў гэтым», — адзначае Яраслаў Іванюк.
Паводле яго слоў, да канца году будзе апублікавана ўсё пяцікніжжа Алексіевіч.
Сярод прычынаў блакіроўкі доступу да інтэрнэт-бібліятэкі маглі стаць рэпосты публікацый пра смерць мастака-палітвязня Алеся Пушкіна з выданняў, прызнаных рэжымам Лукашэнкі «экстрэмісцкімі».
Яраслаў Іванюк дапускае, што прычынай магло стаць таксама тое, што фонд ад 2021 года выдае папяровыя беларускамоўныя кнігі, якія распаўсюджваюцца сярод беларускіх уцекачоў у Польшчы і іншых краінах. Гэтыя выданні запатрабаваныя на чужыне беларусамі.
Багацце фонду «Камуніката» — кнігазбор
Пра тое, што «Камунікат» трапіў пад увагу ідэолагаў і прапагандыстаў Яраслаў Іванюк заўважыў у лістападзе мінулага года.
Тады прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі папракнуў яго ў фэйсбуку за беларускую мову, назваўшы Іванюка «беглым».
«У допісе адзначалася, што «беглыя нават беларускую мову забылі, глядзіце, як яны размаўляюць». Як прыклад, паказаў маё інтэрв'ю Змітру Лукашуку на «Еўрарадыё». Тады я расказваў пра новыя кнігі «Камуніката», у тым ліку, пра каляндар «Будзьма», які выйшаў па-за межамі Беларусі, бо ў Беларусі раней быў прызнаны «экстрэмісцкім», — згадвае Яраслаў Іванюк.
Суразмоўца з жахам пабачыў, што ў яго са Шпакоўскім у фэйсбуку 29 агульных сяброў. Пазней яму знаёмыя патлумачылі, што Шпакоўскі, нібыта, мяккі прапагандыст рэжыму.
Праз паўгода на «Камунікат» ашчэрыліся ў выпуску «Панарамы». У сюжэце Іванюку спрабавалі «прышыць» крымінальную справу.
«Самае крыўднае было тое, што яны мяне назвалі этнічным палякам, маўляў, этнічны паляк адсочваў дэструктыўныя дзеянні розных апазіцыйных дзеячаў у Беларусі», — абураецца Яраслаў Іванюк.
«Маё жыццё звязанае з беларушчынай, і тое, што я займаюся ёю, натуральная справа»
Яраслаў Іванюк этнічны беларус.
Дзед Іванюка з матчынага боку за сваё 60-гадовае жыццё, нікуды не выязджаючы са сваёй вёскі, памяняў сем грамадзянстваў. Нарадзіўся ён у царскай імперыі, а памёр у Польскай Народнай Рэспубліцы.
«І заставаўся беларусам», — падкрэслівае суразмоўца.
Яраслаў Іванюк
Сам Іванюк на Падляшшы скончыў беларускую школу, выхоўваўся ў беларускім асяроддзі. Быў у беларускім аб’яднанні студэнтаў. Працаваў у беларускай рэдакцыі Польскага радыё ў Варшаве, у перадачы «Пад знакам Пагоні» на польскім радыё ў Беластоку. Пяць гадоў быў праграмным дырэктарам беларускай службы «Радыё Рацыя».
«Маё жыццё звязанае з беларушчынай, і тое, што я займаюся ёй, для мяне натуральная справа», — заўважае ён.
«Займаемся такой жа працаю, як і Францыск Скарына»
Гісторыя «Камуніката» сягае ў эпоху, калі інтэрнэт яшчэ не быў настолькі папулярным, як цяпер.
Ствараць сайты Яраслава Іванюка навучыла жонка, калі была цяжарнай.
«Камунікат» нарадзіўся, калі нарадзіўся мой сын Хрыстафор — 20 чэрвеня 2000 года. Для мяне гэта сімвалічна», — адзначае ён.
Першым у інтэрнэт-бібліятэцы зʼявіўся бюлетэнь беларускай рэдакцыі Польскага радыё, які так і называўся — «Камунікат». На гэтым радыё ў 1991 годзе пачаў прафесійную кар’еру журналіста Яраслаў Іванюк.
У бюлетэні падаваліся ў друкаваным выглядзе радыйныя перадачы. Ён рассылаўся слухачам у Беларусі.
«Калі мы пачалі выкладаць гэты бюлетэнь у інтэрнэт, то выявілася, што найбольш запатрабаванымі былі матэрыялы па гісторыі. У ім была рубрыка «Гістарычнае падарожжа», якою займаўся я асабіста, — згадвае журналіст. — Там выступалі беларускія гісторыкі Беласточчыны Алег Латышонак, Яўген Мірановіч і іншыя дзеячы, якія даследуюць гісторыю беларускай меншасці, польска-беларускія адносіны. Былі і гісторыкі з Беларусі».
Фонд «Камунікат» мае ўжо ўласныя рарытэты. На фота адна з першых рэкламных шыльдаў фонду
Далей бібліятэка папоўнілася выданнямі Беларускага гістарычнага таварыства з Беластока, а таксама Літаратурнага аб’яднання «Белавежа», якім кіраваў прафесар Ян Чыквін. Свае творы пагадзіўся размясціць і Беларускі інстытут навукі і мастацтва з Нью-Ёрка.
Яраслаў Іванюк кажа, што «Камунікату» даводзіцца падчас аблічбавання займацца рэканструкцыяй выданняў, якія захоўваліся ў неспрыяльных для паперы ўмовах.
«Бывае, што ў выданнях амаль не бачныя літары. На паперы яны, нібыта, відаць, але падчас сканавання іх няма. Таму мы рэканструюем усё. Літаркі, словы бяром з розных месцаў выдання і ставім там, дзе іх бракуе», — расказвае суразмоўца.
Ён адзначае, што гэтак вярнулі да жыцця першыя нумары «Нашай Нівы», якія выходзілі на пачатку 20 стагоддзя.
Яраслаў Іванюк прыгадвае яшчэ адну важную для сябе сімвалічную дату, якая паўплывала на яго лёс.
«Кнігі звычайна выдаюцца з пазнакай года, але ў гісторыі беларускай старажытнай літаратуры ёсць адна вельмі істотная кніга, выдадзеная з дзённай датай — гэта псалтыр Францыска Скарыны, выдадзены 6 жніўня 1517 года. Акурат 6 жніўня нарадзіўся і я. У «Камунікаце» мы займаемся прыкладна такой жа працай, як і Францыск Скарына».
«За сем месяцаў наведнікі спампавалі больш за 150 тысяч розных файлаў»
Яраслаў Іванюк кажа, што «Камунікат» не зʼяўляецца бізнэсам. Спампоўкі з інтэрнэт-бібліятэкі бясплатныя. Аўдыякнігі даступныя таксама ў бясплатным рэжыме.
Суразмоўца запэўнівае, што такім «Камунікат» застанецца і надалей.
Інтэрнэт-бібліятэка працуе на ахвяраванні і сродкі, якія выдзяляюцца фондамі на рэалізацыю розных праектаў. Таксама «Камунікат» мае сродкі ад продажу друкаваных кніг.
«Трэба плаціць супрацоўнікам, занятым запісам аўдыякніг. Студыя, паслугі аблічбоўкі друкаваных выданняў таксама патрабуюць аплаты», — тлумачыць Яраслаў Іванюк.
Запатрабаваная ў наведнікаў інтэрнэт-бібліятэкі мастацкая, гістарычная літаратура, а таксама слоўнікі ды энцыклапедыі рознага тыпу.
Чытаюць не толькі сучасную мастацкую літаратуру, але і тую, што выдавалася яшчэ за савецкім часам, у 1970-80-я гады.
Для кіраўніка фонду «Камунікат» вялікім здзіўленнем зʼяўляецца тое, што час ад часу ў топе апынаюцца фразеалагічныя слоўнікі.
Вялікай папулярнасцю карыстаюцца аўдыякнігі. Паводле слоў Яраслава Іванюка, толькі на ютуб-канале бібліятэкі яны маюць па некалькі тысяч праглядаў.
«Аўдыякнігі Святланы Алексіевіч набралі больш за 2 тысячы праглядаў, хаця мы іх апублікавалі тры тыдні таму», — адзначае ён.
Паводле Іванюка, за сем сёлетніх месяцаў з сайта наведнікі спампавалі больш за 150 тысяч розных файлаў.
Наведвальнасць інтэрнэт-бібліятэкі павысілася на 50 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
«Трэба прызнаць, што пасля выбуху вайны Расіі супраць Украіны наведвальнасць сайта заўважна ўпала. Калі вайна, то людзям не да літаратуры. Тое ж назіралася ў 2014 годзе, калі пачалася вайна за Крым. Цяпер наведвальнасць аднавілася, і гэта паказвае, што наша праца запатрабаваная», — лічыць Яраслаў Іванюк.
«Кніга Някляева разышлася на 10 аўтарскіх сустрэчах»
Сваімі ўлюблёнымі беларускімі літаратарамі Яраслаў Іванюк называе Андрэя Федарэнку, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева, Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна.
Яраслаў Іванюк перакананы, што займаецца патрэбнай беларусам справаю. Ён згадвае, што неяк апублікавалі ў інтэрнэт-бібліятэцы дапаможнік па падпольнай дзейнасці, які за дзень сабраў 10 тысяч праглядаў.
На кніжным кірмашы ў Беластоку беларускія кнігі раскуплялі.
Першую папяровую кнігу «Камунікат» выдаў у 2021 годзе.
«Мы выдалі тады Уладзіміра Някляева. Першы наклад кнігі разышоўся на 10 аўтарскіх сустрэчах у Польшчы і Літве», — расказвае Яраслаў Іванюк.
Таксама выдаваліся кнігі Уладзіміра Арлова. «Камунікат» далучыўся да праекта Беларускай рады культуры і выдаў кнігу «(Не)расстраляныя».
Паводле слоў Іванюка, ён не думаў, што давядзецца заняцца кнігадрукаваннем.
«У мяне пытаюць: «Камунікат» працаваў заўсёды з кнігамі ў інтэрнэце паводле прыдуманага Алесем Камоцкім лозунгу «беражы лес — чытай кнігі на Kamunikat.org», а цяпер выдае кнігі на паперы. Чаму?» Бо гэта справа патрэбная», — адзначае суразмоўца.
У гэтым ён пераканаўся, паездзіўшы па сустрэчах з беларускімі эмігрантамі, якім не хапае беларускага слова.
Глядзіце таксама:
Наколькі далёка можа пайсці чалавек, каб сябе захаваць, і як хутка мяняе чалавека ўлада
Янушкевіч у «Жыцці-маліне»: Ваўкі не ведаюць, што такое дараванне