Беларускі магістрат «Кнігаўка» завершаны. Сабрана 23 тысячы еўра
Магістрат «Кнігаўка» быў запушчаны Беларускай радай культуры шэсць месяцаў таму для падтрымкі выдавецтва Андрэя Янушкевіча, які пасля пагрому і арышту ў Беларусі быў вымушаны пакінуць краіну і пачаць выдавецкую дзейнасць у Польшчы.
26.07.2023 / 13:34
«Дзякуй вялікі ўсім, хто далучыўся да гэтай важнай справы! Дзякуючы вашай падтрымцы «Кнігаўка» будзе зараз лётаць яшчэ вышэй і далей). За 6 месяцаў да магістрата далучылася 325 чалавек. Сабраная сума на карысць «Кнігаўкі» — 103 000 злотых (прыблізна 23 тысячы еўра).
За гэты час было выдадзена 13 кніг, наладжана рэгулярнае прадстаўніцтва беларускай кнігі на польскіх кніжных кірмашах, створаны сайт (хутка будзе запушчаны), запушчана ў распрацоўку некалькі важных кніжных серый», — паведамляецца ў тэлеграм-канале «Беларускія магістраты».
«Беларускія магістраты» нагадваюць, што самая гучная навіна — гэта дамова са Стывенам Кінгам наконт выдання ягоных кніг па-беларуску. Таксама адноўленыя дамовы на працяг серый пра Гары Потэра і Ведзьмара, плануецца выданне «Валадара пярсцёнкаў». Будуць у гэтым годзе і цікавыя кнігі ад беларускіх аўтараў.