Стаў вядомы кірунак асноўнага ўдару ўкраінскага контрнаступу

Украінскае камандаванне паведаміла ў Вашынгтон аб новай фазе контрнаступу Сіл абароны.

27.07.2023 / 07:26

Украінскія вайскоўцы. Фота: Генштаб УСУ

Украінскія афіцыйныя асобы паведамілі чыноўнікам ЗША, што ўзмоцненыя ўкраінскія групоўкі паспрабуюць прасунуцца на поўдзень праз расійскія мінныя палі і іншыя ўмацаванні ў горад Такмак, а ў выпадку поспеху — у Мелітопаль, піша «Украінская праўда» са спасылкай на The New York Times.

Іх мэта — разарваць так званы сухапутны мост паміж акупаванымі Расіяй украінскімі тэрыторыямі і Крымскім паўвостравам або, прынамсі, прасунуцца досыць далёка, каб стратэгічна важны паўвостраў аказаўся ў зоне дасяжнасці ўкраінскай артылерыі.

NYT нагадвае, што Расія захапіла Крым у 2014 годзе і выкарыстоўвае яго як базу для свайго Чарнаморскага флоту, а таксама для забеспячэння сваіх сіл на поўдні.

Новая аперацыя Сіл абароны ў выпадку поспеху можа заняць ад аднаго да трох тыдняў, паведамілі ўкраінскія чыноўнікі ў Вашынгтон.

Аднак мала што ідзе па плане з моманту пачатку контрнаступу ў пачатку чэрвеня, і афіцыйныя асобы ў Белым доме і Пентагоне заявілі ў сераду, што яны назіраюць за ўзмацненнем актыўнасці з вялікай цікавасцю.

«Гэта вялікае выпрабаванне», — сказаў адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША.

Як заявілі ў сераду два чыноўнікі Пентагона, асноўны ўдар контрнаступу Украіны, які доўжыцца ўжо амаль два месяцы, прыпадае на паўднёвы ўсход краіны, дзе ў жорсткую бітву ўліваюцца тысячы падмацаванняў, многія з якіх былі навучаныя і ўсім забяспечаныя Захадам і да гэтага часу знаходзіліся ў рэзерве.

У цэлым фронт на Запарожжы — гэта адна з трох восяў украінскага контрнаступу.

Адна з ваенных мэт Украіны — выйсці да Азоўскага мора, убіўшы клін паміж акупаванымі Расіяй тэрыторыямі на поўдні і ўсходзе Украіны.

Nashaniva.com