Кіраўнік Кобрына правёў сустрэчу «з прадстаўнікамі СМІ і блогерамі». На ёй, акрамя яго, было два чалавекі, і тыя невыпадковыя

Старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Пачко правёў сустрэчу, каб абмеркаваць «асноўныя напрамкі развіцця і праблемы благасферы». 

29.07.2023 / 12:28

Артыкул пад пафасным загалоўкам «На пульсе жыцця роднага краю» на сайце мясцовай раёнкі пачынаецца з прапагандысцкіх заяў пра інфармацыйную вайну, якая нарадзіла патрыятычна наладжаных блогераў і журналістаў, што адбіваюць атакі фэйкаў і хлусні.

Мяркуючы з апублікаваных фота і відэа, з Пачко сустрэліся галоўны рэдактар «Кобрынскага весніка» Раман Мельнік і ціктокер Павел Дзмітрыеў.

Мельнік таксама кіруе раённым аб'яднаннем «Белай Русі», піша калонкі ў стылі Мукавозчыка, якія на сайце збіраюць менш за 50 праглядаў.

Дзмітрыеў здымае ціктокі пад псеўданімам ПалВаныч, у яго 12 тысяч падпісчыкаў. Ён кіруе пярвічкай БРСМ на Кобрынскім хлебазаводзе і здымае ролікі пра мерапрыемствы арганізацыі. Часам з'яўляецца ў кадры ў лукашэнкаўскім мерчы.

На сустрэчы з кіраўніком раёна Дзмітрыеў падзяліўся ідэяй стварэння ў горадзе скейт-парка.

У артыкуле «Кобрынскага весніка» гаворыцца, што блогеры і журналісты з праўладнай пазіцыяй даносяць праўду да шматтысячнай аўдыторыі. Артыкул пра сустрэчу Пачко прачытала менш за 100 чалавек.

Nashaniva.com