Выйшаў на волю гомельскі палітвязень Аляксей Губіч

Хлопец быў адным з першых гамельчукоў, якога асудзілі нібыта за «гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі».

31.07.2023 / 14:31

Аляксей Губіч

Суд над Аляксеем Губічам адбыўся 4 лютага 2021 года. Тады суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок пакараў хлопца трыма гадамі калоніі і пастанавіў выплаціць «пацярпеламу» 300 рублёў маральнай шкоды.

Судовы працэс быў закрытым, таму блізкіх дапусцілі толькі на агалошванне прысуду, падчас якога стала вядома, што пацярпелы і сведка — супрацоўнік міліцыі Іваноў Іван Іванавіч. Пакаранне хлопец адбываў у ПК-15 Магілёва.

20 верасня 2020 года Аляксей удзельнічаў у «Маршы справядлівасці». Падчас маршу пачалася штурханіна, у якой нібыта пацярпеў інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Павел Шапавалаў, якому «быў нанесены адзін удар па задняй вобласці правай нагі». Сваякі распачалі ўласнае расследаванне, знайшлі сведку і відэа, дзе бачна, што міліцыянт упаў сам. Але пазней следства знайшло яму на замену іншага пацярпелага — амапаўца-ананіма, якога таксама, па версіі следства, неяк траўмаваў Аляксей Губіч. Сваю маральную шкоду ананімны пацярпелы амапавец ацаніў у дзве тысячы рублёў, піша «Гомельская вясна».

Nashaniva.com