Суддзю, які асудзіў Ашурка і Аўтуховіча, прызначылі ў Вярхоўны суд
Лукашэнка 31 ліпеня падпісаў указ № 243 «Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў», якім прызначыў трох новых суддзяў Вярхоўнага суда. Адзін з іх — Максім Філатаў, які здабыў усебеларускую вядомасць за сваю бязлітаснасць падчас правядзення масавых рэпрэсій.
31.07.2023 / 19:31
Максім Філатаў
Максім Філатаў у 2020 годзе быў суддзёй Лідскага раённага суда, і сярод асуджаных ім тады быў Вітольд Ашурак, які атрымаў ад Філатава пяць гадоў зняволення і пасля загінуў пры да гэтай пары нявысветленых абставінах у шклоўскай калоніі.
Але Ашурак быў толькі адным з многіх, хто прайшоў праз канвеер судоў Філатава. Нездарма ён у пачатку 2022 года атрымаў павышэнне ў суддзі Гродзенскага абласнога суда, а вось цяпер, усяго крыху больш як праз паўтара года, падняўся яшчэ вышэй.
Менавіта Філатаў вынес гіганцкія прысуды былому афганцу Мікалаю Аўтуховічу і групе звязаных з ім актывістаў і сям'і святара.
Апошні гучны працэс з удзелам Максіма Філатава — нядаўні суд у Гродне над журналістам Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч. 26 ліпеня Філатаў прысудзіў Мажэйку шэсць гадоў узмоцненага рэжыму, а Юргілевіч — шэсць гадоў агульнага рэжыму.
З Філатавым звязаны і адзін пікантны эпізод. Пасля суда над Ашуркам у Лідзе яму аднойчы падклалі ў заплечнік фекаліі, пакуль ён займаўся ў трэнажорнай зале.
Акрамя Філатава, новымі суддзямі Вярхоўнага суда прызначаны Алена Рудніцкая і Руслан Царук. Першая дагэтуль была суддзёй Мінскага гарадскога суда, другі — Гомельскага абласнога суда.
Царук, як і Філатаў, таксама мае славу суддзі-«перадавіка», ягонае прозвішча фігуруе ў многіх працэсах над затрыманымі па палітычных меркаваннях на Гомельшчыне. І ход кар'еры ў іх падобны. Раней Царук працаваў у Светлагорскім раённым судзе, але хваля рэпрэсій дазволіла яму падняцца спачатку на абласны ўзровень, а цяпер і на самы высокі.