Падпісаны ўказ аб міжнародным аўтастрахаванні. Што змянілася?
Апошнія «Зялёныя карты», выпісаныя беларускімі страхавымі, дзейнічалі да 1 чэрвеня 2023 года. Пасля гэтай даты застрахаваць аўтамабіль для выезду за мяжу можна толькі за мяжой. Але, нягледзячы на гэта, закон патрабаваў мець беларускую «Зялёную карту».
01.08.2023 / 11:59
Ілюстрацыйны здымак. Фота: тэлеграм-канал «Варшавка Граница Брест-Тересполь»
31 ліпеня Лукашэнка падпісаў Указ № 240 «Аб міжнародным аўтастрахаванні». Уносіць змены ў беларускае заканадаўства давялося праз тое, што з 1 чэрвеня 2023 года больш за 30 еўрапейскіх краін спынілі ўзаемаадносіны з Беларуссю ў міжнароднай сістэме страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў «Зялёная карта».
Тым не менш, згодна з беларускім заканадаўствам, у спісе дакументаў, неабходных для выезду за мяжу на транспартных сродках, зарэгістраваных у Беларусі, значылася «Зялёная карта», якая мусіла быць выпісана менавіта адной з беларускіх страхавых кампаній. Выехаць за мяжу з польскай ці літоўскай было няможна.
Дэ-факта беларускія памежнікі перасталі патрабаваць гэты дакумент яшчэ з 17 мая, калі беларускія страхоўшчыкі прыпынілі афармленне полісаў, але дэ-юрэ такое патрабаванне заставалася. Цяпер яго афіцыйна прыбралі ў законе.
«Указам прадугледжваецца скасаванне для беларускіх аўтаўладальнікаў (кіроўцаў) абавязку прад'яўлення страхавога сертыфіката, які сведчыць пра заключэнне дамовы страхавання «Зялёная карта», пры выездзе з тэрыторыі Беларусі», — гаворыцца ў тэксце ўказа.
Апроч гэтага беларускаму бюро па транспартным страхаванні былі нададзены паўнамоцтвы на ўдзел ад імя Беларусі ў міжнародных сістэмах страхавання (іншых, чым «Зялёная карта»), а таксама на заключэнне пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.
Чытайце таксама:
Страхоўкі для ўезду ў ЕС істотна падаражэлі, а набыць іх па-ранейшаму складана. Новыя цэны і нюансы
«Аўтамабільныя страхоўкі пацягнулі на 250 еўра». Беларусы паехалі ў адпачынак у Чарнагорыю і ўляцелі ў капеечку