81-гадовы дзядуля правёў чацвёра сутак у лесе і выжыў
Юльян Сарока згубіўся каля вёскі Золькі Вілейскага раёна, яго шукалі некалькі дзён каля 70 валанцёраў, міліцыянтаў, ратавальнікаў і вайскоўцаў.
01.08.2023 / 15:07
Заяву аб знікненні пенсіянера напісала ў міліцыю яго пляменніца. Група пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» шукала дзядулю ў лесе чатыры дні, але выніку не было, піша kraj.by..
Пасля гэтага працягвалі шукаць састарэлага мужчыну супрацоўнікі міліцыі, ратавальнікі МНС і вайскоўцы. Таксама — безвынікова. 29 ліпеня ў лес каля вёскі Золькі зноў выехалі «анёлы».
У выніку дзядулю знайшлі ў такіх нетрах, у якія практычна немагчыма прабіцца, на адлегласці больш за кіламетр ад вёскі.
Пенсіянер ляжаў на зямлі. Яго паднялі і на руках вынеслі з лесу. Сам дзядуля не мог растлумачыць, што з ім адбылося. Двух слоў не мог звязаць.
Адзін з міліцыянераў расказаў наступнае: «У пошукавай групе, якая ў выніку знайшла дзядулю, па маршруце ішло 10 чалавек: два валанцёры ПСА «Анёл» і восем міліцыянтаў. Я — у іх ліку. Мы пачулі нейкі гук, якому адразу не надалі значэння, паколькі там побач вёска, і было незразумела, адкуль гэты гук зыходзіў.
Затым валанцёр перапытаў: «Як завуць дзядулю?» Мы адказалі: «Юльян». І ён паклікаў яго па імені. Пенсіянер адгукнуўся.
Фактычна пажылы мужчына быў знойдзены дзякуючы валанцёру «Анёла». Для мяне не вельмі істотна і важна, хто менавіта знайшоў Юльяна Сарока. Галоўнае, што мы знайшлі яго жывым».