Музыкам Tor Band пагражае да 12 гадоў. Сяброўка ўдзельнікаў гурта ўпершыню расказвае пра іх справу
У канцы кастрычніка 2022 года ў Рагачове затрымалі ўдзельнікаў папулярнага гурта Tor Band. Многія песні музыкаў былі хітамі падчас пратэстаў 2020 года, сабралі мільёны праглядаў і праслухоўванняў на розных платформах. Цяпер музыкі за кратамі, а іх гурт прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Радыё Свабода сабрала, што вядома пра справу гурта.
02.08.2023 / 14:10
Tor Band займеў папулярнасьць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 года. Многія песьні музыкаў былі гітамі зь мільёнам праглядаў. Вядомасьць здабылі творы «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021—2022 гадах музыкі таксама выпусьцілі творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».
Удзельнікі гурта за кратамі ўжо 277 дзён (станам на 1 жніўня 2023 года). Іх затрымалі 28 кастрычніка разам з жонкамі і спачатку абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП («распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Усе музыкі і іх блізкія атрымалі па 15 сутак і штрафы.
Інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лягатып гурту Tor Band задняй датай назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у студзені 2023 году гурт прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». У сьпіс «удзельнікаў экстрэмісцкага фармаваньня» ўнесьлі ня толькі музыкаў, але і жонку саліста — Юлію Галавач, хоць яна ў гурце ня грала.
Пасьля адбыцьця сутак і выплаты штрафу блізкія музыкаў выйшлі на волю. Удзельнікі гурту Дзьмітры Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык адбылі тры разы па 15 сутак запар, пасьля чаго ім выставілі крымінальнае абвінавачаньне.
«Людзі хацелі думаць, што яны зьехалі»
Затрыманьне ўдзельнікаў Tor Band стала шокам для многіх іх аматараў. Людзі пісалі ў камэнтарах: «Мы былі ўпэўненыя, што яны за мяжой! Чаму яны ня зьехалі?». Блізкая сяброўка гурту Аліна (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у размове са Свабодай упершыню расказала пра акалічнасьці арышту музыкаў.
«На момант 2021, 2022 году многія фанаты гурту думалі, што Tor Band зьехаў за мяжу. Гэта было ня так. Музыкі і іх блізкія былі ў Беларусі. Многія людзі самі па сабе вырашылі, што гурт за мяжой, і пісалі музыкам: «Як добра, што вы зьехалі!». А Дзьмітры (Галавач, лідар гурту) не хацеў прымушаць іх хвалявацца, таму нікога не пераконваў у адваротным і не рабіў гучных заяваў. На канале YouTube былі некаторыя камэнтары ў стылі «Добра пісаць такія песьні, калі ты за мяжой«. Але Дзіма казаў, што за мяжой такія песьні не напішаш. Каб такую песьню напісаць, трэба жыць нейкімі падзеямі», — кажа Аліна.
Зміцер Галавач і Яўген Бурло. Фота: Onliner
Суразмоўца дадае, што музыкі нават ня мелі плянаў зьехаць. Адказ на гэтае пытаньне, па словах сяброўкі гурту, Дзьмітрый Галавач дае ў сваёй песьні «Я нарадзіўся тут». Яе ён напісаў як падарунак сабе на дзень народзінаў, 1 чэрвеня. У кампазыцыі ёсьць такія радкі:
«Я нарадзіўся тут, у горадзе каля ракі.
Я сын сваёй краіны. Вось хто я такі.
Нам захавалі продкі гэты цудоўны кут.
Разам зь сям’ёй вялізнай застаёмся тут».
«Былі таксама і сямейныя абставіны, празь якія хлопцы мусілі застацца ў Беларусі. У жніўні 2022 году ўвесь гурт, таксама і жонкі музыкаў, адпачывалі на літоўскай Балтыцы. Там і тады тэарэтычна абмяркоўвалі магчымы пераезд зь Беларусі. Але толькі тэарэтычна», — заўважае Аліна.
«Адна з вэрсій затрыманьня — скарга ідэоляга ў Адміністрацыю прэзыдэнта»
Аліна сьцьвярджае, што практычна да моманту затрыманьня ні міліцыя, ні ўлады не чапалі музыкаў. «Былі, скажам так, трывожныя званочкі. Але ня больш за тое», — настойвае суразмоўца.
Андрэй Ярэмчык увосень 2022 году выкладаў у школе гісторыю. Яўген Бурло працаваў гукарэжысэрам у раённым Доме культуры. Ён адказваў за гук і сьвятло, у тым ліку на дзяржаўных сьвятах. Яўген нават рыхтаваў раённы Дзень незалежнасьці 3 ліпеня 2022 году.
«На ім была вялікая нагрузка. Фактычна ўсе сьвяты былі на ім. Менавіта ў Яўгена Бурло была трывога, што музыкаў могуць затрымаць, у яго было такое адчуваньне», — кажа Аліна.
Паводле яе словаў, затрыманьню папярэднічала звальненьне Бурло з раённага Дому культуры. Аліна кажа, што ў яго мог быць канфлікт з кіраўніцтвам, бо Яўген пасьля звальненьня «зьнёс» з праграмнага забесьпячэньня Дому культуры тыя праграмы, якія ён сам напісаў, пакуль працаваў там.
«Гэта магло абурыць раённага ідэоляга Натальлю Прус — начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму. Яна, хутчэй за ўсё, вырашыла адпомсьціць і напісала заяву ці скаргу ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Што ў Рагачове «акапаліся экстрэмісты», а ўлада і міліцыя нічога не робяць. Але ўсё гэта ня факт. Можа, проста «прыйшла чарга». Могуць быць і іншыя вэрсіі», — мяркуе суразмоўца.
«Канфіскавалі гітары, барабаны, устаноўкі — некалькі дзясяткаў інструмэнтаў і тэхнікі»
Затрыманьні і ператрусы ў дамах музыкаў пачаліся а шостай раніцы 28 кастрычніка, сілавікі прыйшлі таксама да маці Яўгена Бурло. Гэта былі супрацоўнікі КДБ і АМАП.
«Будзем казаць так, што іх паводзіны можна назваць «прымальнымі». Пры вобшуку музыкам паказалі «дакумэнт«, што іх творчасьць прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі «яшчэ ў жніўні 2022 году. Гэта зрабілі задняй датай. Бо мы пэрыядычна правяралі сьпіс экстрэмістаў, і Tor Band там не было. Потым пакаралі «суткамі». У пратаколах было, што «экстрэмізмам» Дзьмітры Галавач узьдзейнічаў з дапамогай гітары, у полі», — кажа сяброўка гурту.
Паводле яе словаў, ва ўсіх музыкаў забралі ўсё канцэртнае абсталяваньне. Сьледчыя апісалі некалькі дзясяткаў пазыцый — гітары, барабаны, музычныя ўстаноўкі, ноўтбукі, іншае абсталяваньне, з дапамогай якога музыкі стваралі свае кампазыцыі і запісвалі іх.
«Ледзь не грузавіком ім давялося ўсё гэта вывозіць. Толькі ў аднаго Галавача забралі сем гітар», — зазначыла Аліна.
Па словах суразмоўцы, у ізалятары музыкаў трымалі ў «звычайных» для палітычных умовах — ім не давалі перадач, пасьцельнай бялізны, не дазвалялі спаць уначы.
«І так там было холадна, а ахоўнікі яшчэ і вокны адчынялі. Натуральна», — дадала беларуска.
Падрабязнасьці сьледзтва і крымінальнай справы Tor Band невядомыя — адвакаты мусілі падпісаць дакумэнт аб маўчаньні. Аліна дадала, што тых беларусаў, якія здымаліся ў кліпах музыкаў, не арыштавалі. «Іх апыталі і адпусьцілі», — кажа суразмоўца.
«Яўген зь першага дня ў СІЗА ў мэдчастцы»
У Яўгена Бурло да затрыманьня былі пэўныя праблемы са здароўем. За кратамі яму стала горш, кажа Аліна.
«Практычна зь першага дня ў СІЗА яго трымалі ў мэдчастцы. У Яўгена праблемы з суставамі. Ён перасоўваецца толькі на мыліцах. На адну нагу ня можа ступаць нават на іх. Яму аказваюць мэдычную дапамогу. Такую, якая можа быць у тых умовах. Цяпер рыхтуюцца дакумэнты, каб ён атрымаў інваліднасьць», — кажа Аліна.
Андрэй Ярэмчык і Дзьмітры Галавач «трымаюцца». Чаго яны чакаюць ад суду? «Папросту — нічога», — кажа сяброўка музыкаў.
Па яе інфармацыі, удзельнікі гурту Tor Band мелі спатканьне з бацькамі. Лісты ім даходзяць, наколькі вядома, толькі ад блізкіх людзей.
«Музыкі ня могуць выбіраць сабе слухача!»
Аліна кажа, што музыкі не былі прыхільнікамі ўлады ці апазыцыі, а стваралі свае песьні такімі, якое было ў іх натхненьне.
«Да папулярнасьці яны ставіліся спакойна. Бо яшчэ да праекту Tor Band у іх быў гурт «Ойра». Але ён быў папулярны больш у Расеі, чым у Беларусі. Яны часта наведвалі фэсты ў Расеі, іх там ведалі, у іх былі фанаты. Але калі ў 2020 годзе Tor Band стаў папулярны ў Беларусі — гэта не магло ня цешыць музыкаў. Бо гэта іх Радзіма, іх зямля», — тлумачыць сяброўка гурту.
Яна нагадвае, што і ў 2020 годзе, калі музыкі давалі інтэрвію Свабодзе, яны падкрэсьлівалі, што яны толькі музыкі, якія пішуць і выконваюць песьні.
«Дзіма Галавач неаднаразова казаў, што ён музыка. Ён ня быў у палітычных партыях, рухах, не належаў ні да якай зь іх. А як ягонай творчасьцю распарадзіцца слухач — ён ня можа на гэта ўплываць. Я вельмі хачу нагадаць словы Дзьмітрыя: «Музыка ня можа выбіраць сабе слухача!» — падкрэсьлівае Аліна.
Яна нагадала, як узімку-ўвесну 2023 году беларускі сэгмэнт TikTok застракацеў сотнямі відэа, дзе беларусы, відавочна, прыхільнікі ўлады, малявалі на твары сымбалі — чырвона-зялёныя сьцяжкі, пад радкі «Мы не быдло, стадо и трусы, мы простой народ, мы беларусы!» зь песьні Tor Band. Гурт на той момант ужо быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
«Толькі аўтар песьні ведае, што яго натхніла на тыя ці іншыя радкі. Музыкі граюць і сьпяваюць пра тое, што яны адчуваюць. Пакуль аўтар жывы, мы, слухачы, ня можам дадумаць «Што гэтымі радкамі хацеў сказаць аўтар?«, бо толькі ён пра гэта ведае. Складана яго судзіць і тлумачыць. Варта было б пачуць думку аўтара песьняў», — кажа Аліна.
У чым вінавацяць музыкаў Tor Band
Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (артыкул 369-1). Да 4 гадоў калёніі
Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня (артыкул 361-1). Да 7 гадоў калёніі. Па гэтым артыкуле абвінавачваюць саліста гурту Дзьмітрыя Галавача
Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні (частка 3 артыкула 361-1). Да 6 гадоў калёніі. Па гэтым артыкуле абвінавацілі Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка.
Абраза Лукашэнкі (артыкул 368). Да 4 гадоў
Распальваньне сацыяльнай варожасьці (частка 3 артыкула 130). Да 12 гадоў калёніі.
Склад крымінальных артыкулаў сьледчыя ўбачылі ў песьнях Tor Band. Па іх песьнях праходзілі экспэртызы.
На гэты момант сьледзтва скончанае. Матэрыялы справы перадалі пракурору для перадачы ў суд. Мяркуецца, што працэс пачнецца ў верасьні 2023 году.