Гурт Irdorath апублікаваў першае за два гады відэа. Яны просяць аб дапамозе
Кліп выйшаў да дня нараджэння вакалісткі Надзеі Калач. На відэа можна пабачыць кранальны момант яе сустрэчы з мужам Уладзімірам пасля калоніі.
02.08.2023 / 15:22
«Сёння мы хочам падзякаваць вам і сказаць, што тое, што адбылося, нас не зламала. Так, у нас шмат працы, але ў той жа час у нас шмат крэатыўных ідэй і жадання ўвасабляць іх у жыццё. І з вашай падтрымкай мы пройдзем праз усё», — пішуць музыкі.
Нагадаем, музыкаў Irdorath затрымалі роўна два гады таму, 2 жніўня 2021 года.
Пазней іх прызналі вінаватымі па артыкуле 342 КК («Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Уладзімір і Надзея Калачы атрымалі па 2 гады калоніі, Антон Шніп, Пётр і Юлія Марчанкі — па 1,5 года калоніі.
Музыкі абвясцілі збор грошай.
Пасля вызвалення нам незаконна забаранілі выезд з краіны, але пры дапамозе BYSOL мы змаглі з'ехаць з Беларусі. Рэжыму не ўдалося нас зламаць, і мы хочам далей працягваць займацца мастацтвам, падтрымліваючы і натхняючы беларусаў.
Цяпер мы ў бяспецы, але маем патрэбу ў фінансавай падтрымцы.
За час, што мы былі ў калоніі, наша творчасць дзякуючы вам не была забытая. І мы маем намер працягнуць сваю справу, як толькі зноў адчуем глебу пад нагамі.
€10 500 Сродкі патрэбныя на рэабілітацыю пасля калоніі і адаптацыю ў новай краіне. Але большая частка пойдзе на адраджэнне нашых творчых праектаў — мы хочам аднавіць музычныя інструменты і абсталяванне, каб працягваць натхняць беларусаў.