У Карэліі зарэзалі шэсць чалавек, а пасля целы спалілі

Падазраюць вагнераўца, які вярнуўся з Украіны.

03.08.2023 / 07:23

Фота: МУС Расіі

У ноч на 1 жніўня ў вёсцы Дзеравяннае ў Карэліі (рэгіён Расіі) на месцы двух згарэлых дамоў знайшлі целы пяцярых зарэзаных мужчын і адной жанчыны. У паліцыі выказалі здагадку, што падпалам злачынцы спрабавалі схаваць забойства. У той жа дзень затрымалі дваіх мясцовых жыхароў у стане алкагольнага ап'янення.

Журналісты высветлілі асобы затрыманых. Імі аказаліся 37– і 38-гадовыя сябры, якія раней разам сядзелі ў калоніі. Адзін быў асуджаны за згвалтаванне, крадзеж, рабаванне, разбой, выкраданне аўто і хуліганства.

Другі трапіў у калонію па абвінавачанні ў забойстве, крадзяжы, рабаванні, разбоі і захоўванні наркотыкаў. Адразу з калоніі ён паехаў на вайну ў складзе ПВК «Вагнер», быў паранены і вярнуўся дадому вясной. 

Суд арыштаваў абодвух злачынцаў на два месяцы. Па крымінальнай справе аб забойстве некалькіх чалавек ім пагражае пажыццёвае зняволенне.

Nashaniva.com