«Правяраюць рэакцыю Польшчы і саюзнікаў». Маравецкі ацаніў колькасць вагнераўцаў у Беларусі
У Беларусі чатыры тысячы ці нават больш наймітаў расійскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер», — сказаў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, як паведамляе Delfi.lt.
03.08.2023 / 13:24
Фота: Мінабароны via ВаенТБ via AP
І гэта, на ягоную думку, рэальная пагроза ўсходняму флангу NATO. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падчас сумеснай прэс-канферэнцыі, што прайшла на польскай Сувальшчыне, заявіў, што ў Беларусі плануецца размясціць да 10 тысяч чалавек. Байцы «Вагнера», з ягоных слоў, цяпер толькі на паўдарозе.
Маравецкі адзначыў, што расійскі рэжым, накіраваўшы вагнераўцаў у Беларусь, правярае рэакцыю Польшчы і яе саюзнікаў.
«Мы вельмі сур'ёзна адказваем на гэтыя расійскія і беларускія правакацыі. Мы, акрамя ўсяго іншага, ужо далі адказ, калі пабудавалі плот на беларуска-польскай мяжы», — адзначыў прэм'ер-міністр Польшчы і нагадаў аб арганізаванай беларускім рэжымам гібрыднай атацы, якая штурхае ў краіну мігрантаў.
У атрады мігрантаў, паводле ацэнкі Маравецкага, могуць умяшацца лаяльныя беларускаму або расійскаму рэжыму асобы, якія, увайшоўшы, напрыклад, у Польшчу, будуць займацца дыверсіямі, сабатажам. А гэта, як кажуць, будзе мець вельмі драматычныя наступствы.