Ціханоўская зняла Азарава і зрабіла некалькі прызначэнняў
Падсумоўваючы вынікі канферэнцыі «Новая Беларусь 2023», кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская абвясціла пра прыняцце ёй шэрагу кадравых рашэнняў.
06.08.2023 / 20:23
Аляксандр Азараў падчас канферэнцыі «Новая Беларусь 2023». Фота Руслана Серадзюка
Самае гучнае з гэтых рашэнняў, хоць і чаканае — адстаўка Аляксандра Азарава з пасады прадстаўніка Кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку.
«Я прыняла рашэнне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады прадстаўніка Кабінета. Разам з тым я б хацела, каб Аляксандр Азараў працягнуў працу пры Кабінеце па плане «Перамога» — і каардынаваў супрацоўніцтва з беларускім падполлем.
Такім чынам, пазіцыя прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку становіцца вакантнай — і мы будзем шукаць адпаведную кандыдатуру», — заявіла Ціханоўская.
Акрамя таго, яна паведаміла пра два прызначэнні ў сваёй камандзе.
Маргарыта Ворыхава становіцца дарадцай па моладзевай палітыцы і студэнцтве.
Ворыхава — кіраўніца арганізацыі «Рада», раней яна прадстаўляла Беларусь у Кантактнай групе Рады Еўропы і ў Кансультатыўнай групе ў Еўрасаюзе.
Заўважнае апошнім часам пашырэнне супрацоўніцтва з Украінай знайшло адбітак у прызначэнні кіраўніка Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве.
Ім стаў Генадзь Манько, які цягам апошняга года адказваў за наладжванне супрацы АПКБ з Палком Каліноўскага і завязаў ва Украіне добрыя кантакты.
У найбліжэйшы час таксама паабяцана прызначэнне кіраўніка апарата Кабінета і прадстаўленне ім агульнай стратэгіі.
Акрамя таго, Ціханоўская паведаміла пра намер правесці зімой выбары ў Каардынацыйную Раду, «каб яна стала сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў, які мае аўтарытэт і прадстаўляе інтарэсы беларусаў».
Чытайце таксама:
«Наша задача вырваць Беларусь з расійскай арбіты. І правесці дэкаланізацыю Беларусі» — Ціханоўская
Кавалеўскі расказаў і паказаў, што з сябе будзе ўяўляць беларускі альтэрнатыўны пашпарт