У Мінску асудзілі тэлефонных махляроў. Яны тэлефанавалі пенсіянерам ад імя ахвяр ДТЗ
Суд Мінскага раёна асудзіў трох тэлефонных махляроў да шасці гадоў калоніі, паведамляе БелТА.
08.08.2023 / 12:40
Абвінавачаныя ўваходзілі ў склад арганізаванай групы. Крымінальная справа ў дачыненні да іншых фігурантаў выдзеленая ў асобную вытворчасць.
Паведамляецца, што з 17 па 18 лістапада 2022 года падчас тэлефанаванняў абвінавачаныя схілялі пажылых людзей перадаваць ім грошы. Падставы былі выдуманымі: нібыта пацярпелым сваякам у бальніцах патрэбныя прадметы гігіены.
Таксама збіралі грошы пацярпелым у ДТЗ, каб сваяка або знаёмага не прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. Усяго махляры падманулі людзей амаль на 171,2 тыс. рублёў.
Ім было выстаўлена абвінавачанне ў махлярстве, а аднаму з іх інкрымінавана яшчэ і ўцягванне непаўналетняга ў арганізаваную групу і ва ўчыненне цяжкага злачынства. Падлетак быў кур'ерам.
Між тым адзін з абвінавачаных у 2021 годзе ўжо асуджаўся за здзяйсненне аналагічнага злачынства.
Суд Мінскага раёна прызнаў усіх вінаватымі. Паўналетнія абвінавачаныя асуджаныя да пяці і шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, непаўналетні — да трох гадоў шасці месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Усе атрымалі вялікія штрафы. Суд вырашыў спагнаць на карысць пацярпелых памер шкоды, нанесенай злачынствам.