«Некаторыя людзі знаходзяцца ў вертыкальным становішчы». У Дзяржынску знайшлі больш за сотню загадкавых чалавечых парэшткаў
У Дзяржынскай раённай бальніцы гэтым летам пачалі будаваць новую кацельню. Працы вяла брыгада Дзяржынскага домабудаўнічага ўпраўлення, аднак раптам іх прыйшлося прыпыніць: сярод раскопак будаўнікі пачалі знаходзіць чалавечыя парэшткі, паведамляе Mlyn.by.
10.08.2023 / 14:09
Фота: Dzr.by
Першыя косткі знайшлі два дні таму на схіле за бальніцай. Паступова з нетраў зямлі на глыбіні прыкладна 1,5 метра сталі праступаць і іншыя абрысы — дзіцячыя і дарослыя шкілеты. Замест экскаватара будаўнікі ўзяліся за рыдлёўкі. Акуратна выкопвалі парэшткі людзей навонкі. Паступова тут і там сталі вырастаць цэлыя кучы з костак.
На вачах журналістаў будаўнікі даставалі з-пад пласта зямлі новыя і новыя знаходкі — чарапы, косці. У адным месцы ўдалося выявіць як быццам цэлае пахаванне — драўляныя рэшткі труны, а ў ім — шкілет. Побач з ім знайшлі таксама элементы, вельмі падобныя да жаночых упрыгажэнняў (на першы погляд, выкананыя з нітак блакітнага колеру, якія, аднак, выдатна захаваліся) і амаль цэлую пару жаночага абутку — чорныя туфлі.
Фота: Dzr.by
Людзі ляжаць у зямлі пластамі, адзін над адным. Некаторыя людзі знаходзяцца ў вертыкальным становішчы.
Фота: Dzr.by
Паводле слоў работнікаў, калісьці тут стаяла царква (храм), пры якой хавалі мірнае насельніцтва. Таксама відавочцы разглядаюць яшчэ некалькі версій. Магчыма, тут расстралялі калісьці вязняў гета, якое знаходзілася ў раёне вуліцы Першамайскай. Таксама гэта можа быць неяк звязана з Кальвінскім зборам.
Пакуль што на месцы працуе следчая група.