Распачаўся чарговы прыём заявак на прэмію Гедройця
Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчаюць прыём заявак на ўдзел у XII сезоне літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.
10.08.2023 / 14:38
Традыцыйна журы вызначыць тры найлепшыя кнігі (першае, другое, трэцяе месцы) у жанры мастацкай або дакументальнай прозы, выдадзеныя ў 2022 годзе, нагадвае «Будзьма».
Падавацца на прэмію маюць права і лаўрэаты мінулых гадоў, а ў конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць кніг аднаго аўтара.
Падрабязней з рэгламентам можна азнаёміцца тут.
Для ўдзелу ў прэміі трэба будзе запоўніць google-форму і даслаць арганізатарам электронны варыянт кнігі ў фармаце тэкставага дакумента Microsoft Word або PDF. Пры магчымасці таксама — перадаць папяровую версію кнігі.
За ходам конкурсу можна будзе сачыць на афіцыйных старонках Прэміі:
- https://giedroyc.penbelarus.org/
- https://www.facebook.com/giedroyc.by
- https://www.instagram.com/giedroyc.by/
- https://t.me/PENBelarus
Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца з 2012 года. Напачатку яе спансіраваў «Ідэя-банк», а першым уладальнікам быў Павел Касцюкевіч за кнігу «Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту».
Яе лаўрэатамі ў розныя сезоны станавіліся Уладзімір Някляеў, Сяргей Дубавец, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась у конкурсе перамог Сяргей Абламейка са сваёй кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая».