«Дзяўчатам не заходзяць нашы фота». Як беларускія брэнды прадаюць кітайскія тавары пад выглядам уласнай вытворчасці
Пад выглядам пакупнікоў «Наша Ніва» звязалася з брэндамі, якія прадаюць тавары, падобныя да іншых марак, і пачула самыя разнастайныя адгаворкі.
13.08.2023 / 20:32
Зімой у свеце беларускай моды адбыўся скандал. Папулярны брэнд 10 motifs абвінавацілі ў продажы рэчаў з магазінаў масмаркета. Паглыбіўшыся ў гэтую тэму, мы зразумелі, што продажам запазычаных рэчаў пад выглядам уласнай вытворчасці займаюцца і іншыя айчынныя брэнды. У ролі таемнага пакупніка мы звязаліся з некалькімі папулярнымі маркамі і даведаліся, чым яны кіруюцца, выстаўляючы падробку за ўласны тавар.
Схема «арбітражнага продажу»
Новыя брэнды з'яўляюцца ў Беларусі як грыбы пасля дажджу. Але калі адны распрацоўваюць унікальныя мадэлі ці хаця б крыху змяняюць запазычаныя ідэі, то іншыя прадаюць рэчы з турэцкіх і кітайскіх баз. Звычайна на прывезены тавар нашываецца новая бірка — і з ёй значна павялічваецца цана. І рэч, якая на кітайскім сайце каштавала пяць даляраў, у брэндавых акаўнтах прадаецца ў разы даражэй.
Каб зарабіць, нячыстыя на руку брэнды выкарыстоўваюць сістэму так званага «арбітражнага продажу». Сэнс схемы просты: прадпрымальнік праглядае тавар на аптовых базах і выбірае той, які, на яго думку, будзе добра прадавацца. Фота тавару выгружаецца ў сацсеткі з кароткім апісаннем і пазнакай аб уласнай вытворчасці. Так пачынаецца другая фаза — тэст.
Тыя мадэлі, на якія быў адмысловы водгук, закупляюцца на базах і перапрадаюцца пад сваім лагатыпам. Некаторыя рэчы сапраўды шыюць: лякалы кітайскага вырабу капіююцца і пачынаецца звычайная штампоўка. Але ў выпадку з такім шыццём таксама ёсць нюанс. Па сутнасці, чалавек купляе не тую рэч, якую бачыць на першапачатковым фота, а змененую — тканіна вырабу будзе адрознівацца ад кітайскага арыгінала.
Арбітражны продаж эканоміць грошы прадпрымальнікаў, але шкодзіць моднаму рынку. Рэч у тым, што цэны на тавар з перашытай біркай часцяком меншыя. Жадаючы купіць брэндавую рэч і пры гэтым сэканоміць, пакупнік робіць выбар на карысць хітрага прадаўца, пазбаўляючы сапраўдных дызайнераў сродкаў для развіцця.
Зрэшты, не ўсе брэнды ў нашай падборцы выкарыстоўваюць «арбітраж». Некаторыя «проста» пашыраюць свой асартымент, каб прапанаваць пакупніку больш пазіцый. Мы пагутарылі і з тымі, і з другімі.
Размова з брэндамі
Emily brand: «Не праглядаюць, не лайкаюць, не купляюць»
Крама жаночага адзення з аўдыторыяй 48 тысяч падпісчыкаў у інстаграме смела заяўляе аб уласнай вытворчасці. Брэнд абяцае адпраўку рэчаў па ўсёй Беларусі, праўда, чамусьці папярэджвае аб адсутнасці магчымасці прымеркі.
Фота: інстаграм брэнда
У адрозненне ад іншых калег па продажы копій, уладальнікі «Эмілі» вырашылі не ўскладняць сваё жыццё фотасесіяй тавару і размясцілі ў сваім профілі фота, узятыя з сайта «Аліэкспрэс» і аптовых рынкавых баз.
Мы перапыталі прадаўца аб краінах-вытворцах адзення і атрымалі чаканы адказ: «Усё зроблена на ўласнай вытворчасці ў Беларусі». Пасля дзясятка мудрагелістых адказаў і доўгіх пярэчанняў прадстаўнік брэнда прызнаў, што капіюе мадэлі, але працягваў настойваць на ўнікальнасці прадукцыі.
Фота: інстаграм брэнда / сайт рынку «Садавод»
Растлумачым, чаму з вялікай доляй імавернасці гэтае сцвярджэнне лжывае. Рэч у тым, што вытворчасць адзення — складаны і дарагі працэс. Кожная мадэль распрацоўваецца канструктарам, потым за справу бяруцца раскройшчыкі і швачкі — усім трэба плаціць заробак. Таму большасць брэндаў не можа сабе дазволіць выпусціць вялікую калекцыю.
У «Эмілі» ж мы налічылі больш за 250 «унікальных» мадэляў — адна закупка тканіны для такога асартыменту будзе каштаваць дзясяткі тысяч даляраў. Калі дадаць да гэтага кошт вытворчасці і маржу, то раздробная прадукцыя будзе дарагой. Аднак цэны на адзенне «Эмілі» амаль такія ж, як на сайце «Аліэкспрэс»: гэтую чорную сукенку можна набыць за 150 беларускіх рублёў, што ўсяго на 5 даляраў даражэй, чым на кітайскім сайце.
Фота: інстаграм брэнда / сайт Aliexpress
Мы вырашылі падыграць прадстаўніку брэнда, які размаўляў з намі ў інстаграме, і працягнулі дыялог. На пытанне, ці з'яўляюцца ўнікальнымі пашытыя, хай і на ўласнай вытворчасці, копіі кітайскага тавару, ён адказаў: «Мы робім вырабы па фота, а не шыем копіі». Тройчы перачытаўшы адказ, але так і не зразумеўшы яго сэнсу, мы папрасілі расшыфраваць сказанае. Тлумачэнні збянтэжылі сваёй прастатой.
Фота: інстаграм брэнда
Адказу на пытанне, ці не з'яўляецца такая схема падманам пакупнікоў, на жаль, не было.
BEINTOP: «У нас уласная вытворчасць»
Нядаўна брэнд BEINTOP правёў шумную піяр-кампанію ў сацсетках.
Фота: інстаграм брэнда
Заснавальнікі прыцягнулі да распрацоўкі калекцыі блогера Лізу Каламіец з аўдыторыяй 91 тысяча падпісчыкаў. Сцвярджаецца, што дроп унікальны, і гэтаму можна паверыць.
Фота: інстаграм брэнда
Але сярод пашытага тавару мы знайшлі штампоўку. Брэнд прапануе сваім кліентам купіць майкі, адзін у адзін падобныя да тых, якія можна знайсці на турэцкіх базах.
Фота: інстаграм брэнда / сайт маркетплэйсу Razetka
Футболку, ідэнтычную той, якая прадаецца пад лагатыпам маркі, мы знайшлі на сайце аптовага маскоўскага рынку «Садавод». Адрозніваюцца рэчы толькі цаной: «брэндавая» цішотка каштуе 129 рублёў (37 еўра), «рынкавая» — 8 еўра.
Фота: інстаграм брэнда / сайт рынку «Садавод»
Адзіны каментар, які нам удалося атрымаць ад прадстаўнікоў BEINTOP, быў такі: «У нас уласная вытворчасць». Фатаграфіі дзіўнага падабенства з кітайскім таварам брэнд праігнараваў. Тады мы напісалі з іншага акаўнта і папрасілі ўдакладніць вытворцу джынсаў. Гэтым разам нам сказалі, што джынсы зробленыя «на замову на турэцкай фабрыцы».
Фота: інстаграм брэнда
Брэнд тлумачыць, што «ў Беларусі няма ніводнай фабрыкі па вытворчасці джынсаў».
Гэты аргумент прадстаўніка дае падставу для сумненняў. Вытворчасць джынсаў практычна нічым не адрозніваецца ад вытворчасці іншага адзення. І, безумоўна, у Беларусі хапае прадпрыемстваў, якія іх вырабляюць.
TOO MUCH: «Зразумейце, ніхто не прыдумляе ровара»
Фота: інстаграм брэнда
Увагу да гэтага брэнда прыцягнулі рэчы, падобныя да тых, якія можна купіць на буйных маркетплэйсах.
Фота: інстаграм брэнда / сайт Aliekspress
Пасля кароткай размовы ў інстаграме прадстаўнік кампаніі прызнаў запазычанне ідэй, але падкрэсліў, што шыццё ажыццяўляецца самастойна.
Фота: інстаграм брэнда
Сапраўды, трэба прызнаць, што некаторыя дэталі адзення TOO MUCH (напрыклад, колер) адрозніваюцца ад кітайскіх блізнят. Таму далейшая размова пайшла ў больш філасофскае рэчышча. Мы папрасілі растлумачыць сэнс вырабу адзення, якое без цяжкасцяў можна знайсці на «Аліэкспрэсе». Адказ быў сумленным і з доляй канструктывізму.
Фота: інстаграм брэнда
Не паспрачаешся: запазычванне чужых ідэй — не рэдкая падзея ў свеце беларускай моды.
Talia Concept: «Мы проста шыем рэчы, якія нам падабаюцца»
Talia Concept — яшчэ адна марка, якая, магчыма, прадае запазычаныя рэчы па сістэме «арбітражу». Напрыклад, вось гэтае бодзі, якое на сайце Alibaba.com каштуе ўсяго 6 даляраў, у інстаграме брэнда можна набыць па 36.
Фота: інстаграм брэнда / сайт Alibaba
Як і іншыя брэнды з гэтай падборкі, Talia Concept сцвярджае, што мае ўласную вытворчасць і нават прапануе пашыць рэч, якая спадабаецца, на замову. Праўда, з дзіўным абмежаваннем — такая аферта актуальная толькі для тых, чый рост ніжэйшы за 170 см.
Фота: інстаграм брэнда / сайт турэцкай аптовай базы
Як і ў выпадку з «Эмілі», Talia Concept таксама мае занадта вялікую колькасць рэчаў у асартыменце. У размове з прадстаўнікамі мы не пачулі нічога новага: «Шыем самі, капіюючы чужыя мадэлі». У чым сэнс называць такі падыход да вытворчасці адзення «брэндам», нам таксама не растлумачылі.
На жаль, спіс брэндаў, якія выкарыстоўваюць шэрыя схемы, каб зарабіць на недасведчанасці пакупнікоў, можна прадоўжыць. Але спадзяёмся, што пасля выхаду гэтага артыкула працаваць ім будзе крышачку складаней.
Чытайце таксама:
Выпусцілі мерч «Менск — горад палітвязняў», частка якога ідзе на данаты
Знайдзіце 10 адрозненняў. У летняй калекцыі «Элемы» заўважылі плагіят