Улады Грузіі «дэтальна вывучаць» новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да «Белавія»

 У паведамленні грузінскіх авіяцыйных уладаў гаворыцца, што ў мэтах забеспячэння бяспекі «робіцца пастаянны маніторынг санкцый і абмежаванняў».

10.08.2023 / 22:23

«Агенцтва грамадзянскай авіяцыі Міністэрства эканомікі і ўстойлівага развіцця Грузіі робіць пастаянны маніторынг санкцый і абмежаванняў, якія накладаюцца міжнароднымі арганізацыямі грамадзянскай авіяцыі і кампаніямі-вытворцамі грамадзянскай авіяцыі, зыходзячы з мэтаў забеспячэння бяспекі пасажыраў, палётаў і авіяцыйнай бяспекі», — удакладнілі ў грузінскім авіяцыйным ведамстве.

«На падставе санкцый, уведзеных вытворцам, Агенцтва […] з чэрвеня гэтага года абмежавала эксплуатацыю авіякампаніяй «Белавія» ў Грузіі самалётаў «Боінг». Адпаведна, рэйсы названай авіякампаніі ў кірунку Грузіі робяцца самалётамі «Эмбраер», — падкрэсліла ведамства.

Агенцтва заявіла, што адказ адносна ўвядзення Грузіяй абмежаванняў супраць «Белавія» будзе дадзены пасля вывучэння санкцый.

«Белавія» ў 2022 годзе займала чацвёртае месца па колькасці перавезеных пасажыраў у Грузію. Нацыянальны авіяперавозчык робіць штодзённыя рэйсы Тбілісі-Мінск-Тбілісі, Кутаісі-Мінск-Кутаісі і чатыры рэйсы ў тыдзень Батумі-Мінск-Батумі.

9 жніўня Упраўленне кантролю над замежнымі актывамі Мінфіна ЗША паведаміла аб пашырэнні абмежавальных захадаў у дачыненні да беларускага рэжыму «ў сувязі з трэцяй гадавінай сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года». У санкцыйны пералік унесеная і авіякампанія «Белавія».

Чытайце таксама:

Плануюцца чысткі на авіяцыйных прадпрыемствах — Матолька

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

«Белавія» прадае адзін са сваіх «Боінгаў»

Nashaniva.com