Як падманваюць турыстаў у Італіі

Беларуска, якая жыве ў Італіі, расказвае праўду пра тое, як з людзей выцягваюць грошы падчас экскурсійных паездак.

13.08.2023 / 17:23

Беларуска Алеся Шаўцова падчас экскурсіі на востраў Капры. Скрын відэа ютуб-канала @AlesiaItaly

Беларуска Алеся Шаўцова жыве ў Італіі дзевяць гадоў і ў сваім ютуб-канале распавядае пра сваё жыццё ў гэтай краіне.

Алеся расказвае, што, нягледзячы на працяглае знаходжанне ў Італіі і падрыхтоўку да кожнага падарожжа, практычна ў кожнай паездцы яна сутыкаецца з «цікавымі» сітуацыямі. Некаторымі з іх яна вырашыла падзяліцца. Спадзяёмся, досвед Алесі будзе карысным тым, хто збіраецца паехаць у гэтую еўрапейскую краіну.

Падман з экскурсіяй

Гісторыя адбылася падчас экскурсіі на востраў Капры. Алеся разам з сяброўкай вельмі хацелі патрапіць у Блакітны грот. Адразу па прыездзе, як толькі сышлі з парома, яны накіраваліся набыць білет на экскурсію. У порце горада шмат месцаў, дзе прадаюцца білеты.

Але ўсюды вельмі вялікія чэргі. Калі яны стаялі ў адной, то да іх падышоў мужчына і прапанаваў экскурсію вакол вострава з наведваннем грота. Сяброўкі пагадзіліся. Кожная заплаціла каля 20 еўра за экскурсію і 16 еўра за наведванне грота.

«Такіх жа наіўных, як мы, быў цэлы катар. Калі мы на яго селі, то нам абвясцілі, што гэта будзе экскурсія вакол вострава з заездам у грот. Але калі ў грот будзе вялікая чарга, то па жаданні людзей, якія знаходзяцца на катары, мы вырашым, заставацца чакаць ці не.

Калі катар вернецца, то хвалявацца не трэба. Білет дзейнічае цэлы дзень. Можна будзе зноў сесці на катар і праехаць у грот з наступнай групай. Гэта была нечаканая інфармацыя, таму што пры набыцці тура нас аб гэтым не папярэдзілі», — узгадвае падрабязнасці Алеся.

Калі экскурсанты пад'ехалі да грота, то выявілася, што там у чарзе вельмі шмат катараў. Вялікая чарга таксама была ахвотных наведаць грот па сушы.

«Насамрэч, трапіць у грот найбліжэйшыя 4—6 гадзін было проста нерэальна, таму ўвесь катар прагаласаваў за тое, каб ехаць далей. Мы паехалі назад. Зразумела, што пакуль мы гулялі па Капры, то проста стаміліся і туды болей не вярталіся», — кажа яна.

Чарга ахвотных патрапіць у Блакітны грот. Скрын відэа ютуб-канала @AlesiaItaly 

Наколькі зразумела Алеся, такая чарга ў грот утвараецца заўсёды ў турыстычны сезон. І тыя людзі, якія прадалі экскурсію, выдатна ведалі, што сяброўкі, як і іншыя турысты іх катара, убачыўшы чаргу, адмовяцца чакаць. Так перавозчык робіць больш рэйсаў за дзень: па цане грота людзі проста падарожнічаюць па моры.

У Grotto Azzurro, Блакітны грот, Алеся Шаўцова ў той дзень так і не папала. Фота EyesWideOpen / Getty Images

Піца-паўфабрыкат

Пасля прагулкі па Капры сяброўкі вырашылі паабедаць у кавярні, якая знаходзіцца каля фунікулёра ў гарах. Паводле слоў Алесі, адтуль адкрываецца цудоўны від на мора і востраў.

«За гэты від, як я разумею, там добрая нацэнка. Самы просты Aperol з невялікай колькасцю алівак і чыпсаў там каштаваў больш чым у два разы даражэй, чым у гарадскім бары», — адзначае гераіня.

У гэтай кавярні сяброўкі заказалі піцу «Маргарыта». На дзіва, яе прынеслі хутка. І яна была нейкага падазрона невялікага памеру. Як адзначае Алеся, гэта была замарожаная піца. Такую піцу можна купіць у любым супермаркеце за 2—4 еўра за ўпакоўку з дзвюма піцамі.

«Як вам бізнэс-план? Бяром замарожаную піцу з супермаркета. Паліваем яе трохі алеем, дадаём лісцік базіліку, разаграваем у мікрахвалевай печы і прадаём за 10 еўра. У нас у бары [сапраўдная, свежая] піца «Маргарыта» каштуе да 8 еўра. Таму атрымаць «міні-піцу на лавашы» было неяк вельмі непрыемна.

Піца, якую прынеслі ў кавярні на Капры. Скрын відэа ютуб-канала @AlesiaItaly 

Лічу, што гэта падман. Лепш бы напісалі ў меню: «Замарожаная піца-паўфабрыкат — 2 еўра і шыкоўны від — 8 еўра», — іранізуе гераіня.

Апісанне кватэры на Booking

Кватэру пры дапамозе сэрвісу Алеся разам са сваімі сямейнікамі (5 чалавек) здымала ў Неапалі.

Па словах гераіні, кватэра была сімпатычная. Супермагутны кандыцыянер. Але падман быў у тым, што здымкі нумара, якія былі размешчаныя на сэрвісе, стваралі ўражанне, што там два пакоі. Акрамя таго, было пазначана, што ў доме ёсць ліфт.

«Гледзячы на здымкі, я бачыла вялікі двухспальны ложак і крэсла. Я чамусьці вырашыла, што ложкі для іншых членаў сямʼі будуць у іншым пакоі. Але я ніяк не чакала, што нумар у рэальнасці будзе выглядаць інакш.

Здымак пакоя, які размешчаны на сэрвісе Booking. Скрын відэа ютуб-канала @AlesiaItaly 

Нам у той жа пакой паставілі двухпавярховы ложак. Пяты чалавек размясціўся на раскладным крэсле. Магчыма, гэта маё памылковае меркаванне. Хаця яны маглі б размясціць дадатковыя здымкі, якія давалі б лепшае ўяўленне пра пакой», — распавядае Алеся.

Другая акалічнасць, пра якую не было паведамлена, — гэта платны ліфт. Для таго, каб ім скарыстацца, трэба было заплаціць 10 цэнтаў. Пры гэтым іншых манет апарат не прымаў.

Алена заклікае быць уважлівымі пры выбары жытла, чытаць не толькі апісанні нумароў, але і водгукі.

Білеты ў цікавыя месцы

Алеся распавядае пра паездку з Неапаля ў Пампеі. Яна разам з дзецьмі марылі падняцца на верх Везувія і паглядзець зверху на мора, Неапаль, астравы. Пра тое, як дабрацца, яны даведаліся загадзя.

«Даехаць да вулкана можна на грамадскім транспарце. Але ёсць абмежаванні па колькасці людзей, якія туды могуць падняцца за адзін дзень. Таму трэба купіць анлайн-білет за прыкладна 11 еўра на чалавека. Мы глядзелі за тыдзень-два. Білеты былі ў наяўнасці. Таму мы не задумваліся пра тое, што там могуць быць нейкія складанасці», — распавядае Алеся.

Але па прыездзе аказалася, што анлайн-білетаў няма. Найбліжэйшыя даты з білетамі былі праз тыдзень. Таму было вырашана паехаць у Пампеі.

Калі прыехалі ў горад, то там ім прапаноўвалі паездку на Везувій не за 11 еўра. За чатырох дарослых і траіх дзяцей налічылі 214 еўра. Таму жанчына раіць набываць білеты на Везувій загадзя.

Інфармацыйны турыстычны офіс

Алеся згадвае, што ў Пампеі былі цікавыя турыстычныя агенцтвы. Па сваім афармленні яны нагадвалі турыстычныя інфапункты, у якіх можна атрымаць бясплатна карту і кансультацыю. Яны не займаюцца продажам экскурсій. Адметнасць такіх офісаў — яскрава выдзеленая літара «І».

«Калі мы патрапілі ў Пампеі, то ўбачылі на шыльдзе сімвал бясплатных турыстычных офісаў — літару «і». Але ён выконваў зусім іншыя функцыі», — згадвае Алеся.

Яна распавядае, што калі яны выйшлі з цягніка, то ў будынку вакзала стаяла дзяўчына ў касцюме. «Я палічыла, што гэта супрацоўніца вакзала, бо ў Італіі часта на вакзалах бываюць супрацоўнікі, якія дапамагаюць турыстам набыць білет, падказаць, куды пайсці, калі цягнік. Я думала, што гэта такі ж супрацоўнік. Яна стаяла на шляху і кіравала патокамі. Яна казала: «Пампеі, Везувій — туды».

Турыстычны офіс, які выкарыстоўвае лагатып інфапункта для турыстаў. Скрын відэа ютуб-канала @AlesiaItaly 

І турысты, якія першы раз патрапілі ў горад, ішлі ў тым кірунку, які яна паказвала. Мы думалі, што там бясплатны трансфер ідзе, як гэта бывае ў іншых гарадах. І мы пайшлі ў гэты турыстычны офіс», — апавядае Алена.

Толькі на месцы, пасля таго, як паразмаўлялі з спецыялістам, які спрабаваў прадаць экскурсію, Алеся зразумела, што гэта не інфаофіс для турыстаў.

«Мы паўгадзіны правялі ў гэтым офісе. Яны не давалі нам ні інфармацыі, ні карты, не падказвалі, куды ісці, а проста спрабавалі прадаць свае паслугі. Яны паводзілі сябе такім чынам, што стваралася ўражанне, што іншай дарогі даехаць у Пампеі і на Везувій, акрамя як набыць у іх экскурсію, не існуе»,

— згадвае гераіня і адзначае, што яна лічыць, што сутыкнулася з падманам. Ён заключаецца ў тым, што турагенцтвы выкарыстоўваюць знаёмы ўсім сімвал бясплатных інфапунктаў.

Чытайце яшчэ:

«Тут небяспечна нават пад бокам паліцыі», — неапалітанскія нататкі Андрэя Дзмітранка

Каб вандроўка не ператварылася ў сваркі: як паводзіць сябе, калі падарожнічаеш у кампаніі

Як беларусу трапіць у Англію і ЗША

Антось Жупран