Вялікія тэрміны атрымалі былыя топ-следчыя, якія трапіліся на хабарах
Палкоўнік Следчага камітэта Дзмітрый Паўлоўскі, які «курыраваў» падатковыя справы ў краіне, па інфармацыі «Нашай Нівы», атрымаў 13 гадоў пазбаўлення волі, а былы начальнік упраўлення цэнтральнага апарату Следчага камітэта Аляксандр Ваўчкоў, якога судзілі разам з ім, — 8 гадоў.
15.08.2023 / 18:13
Пра іх затрыманне «Наша Ніва» паведамляла летась.
Аляксандр Ваўчкоў. Фота: фэйсбук
Аляксандр Ваўчкоў — адвакат, былы высокапастаўлены следчы, які аддаў службе 20 гадоў і ў свой час быў намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю папярэдняга расследавання ў МУС, а пасля аддзялення СК ад МУС і да 2013-га — начальнікам аднаго з упраўленняў цэнтральнага апарату Следчага камітэта.
Ваўчкова затрымалі пры спробе даць хабар для вырашэння свайго пытання аднаму з афіцэраў міліцыі.
Паводле далейшай інфармацыі ад крыніц, у няволі Ваўчкоў даў паказанні на Дзмітрыя Паўлоўскага — следчага цэнтральнага апарату СК, які вядомы тым, што вёў многія «падатковыя» справы супраць беларускіх бізнэсменаў.
Дзмітрый Паўлоўскі
Таго таксама затрымалі.
Праз год, як стала вядома «Нашай Ніве», абодва атрымалі вялікія тэрміны. Знаёмыя з сітуацыяй кажуць, што Ваўчкову далі 8 гадоў, а Паўлоўскаму — 13.
Чытайце таксама:
Па падазрэнні ў хабары затрыманы ўплывовы палкоўнік цэнтральнага апарата Следчага камітэта