«Збіраў звесткі аб рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы» — у Мінску пачаўся суд над былым галоўным доктарам санаторыяў у Друскеніках і Сочы

Паводле афіцыйнай версіі, яго нібыта завербавалі літоўскія спецслужбы пад пагрозай шантажу.

16.08.2023 / 14:27

Андрэй Кобель. Скрыншот відэа «Беларусь 1»

Сёння Мінскі гарадскі суд пачынае разглядаць справу былога галоўнага доктара беларускіх санаторыяў у Друскеніках і Сочы Андрэя Кобеля. Ён абвінавачваецца па артыкуле за здраду дзяржаве, паведамляе «Народная Воля».

Раней пра Андрэя Кобеля распавядалі на дзяржтэлебачанні. Паводле афіцыйнай версіі, яго нібыта завербавалі літоўскія спецслужбы пад пагрозай шантажу.

Ад Кобеля нібыта патрабавалася збіраць і перадаваць звесткі пра пацыентаў санаторыяў, а таксама інфармацыю аб рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, якая знаходзіцца на тэрыторыі санаторыя. Таксама сцвярджалася, што ён уладкоўваў на працу супрацоўнікаў на патрабаванне Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы.

Пра тое, што экс-галоўны доктар санаторыя быў затрыманы контрразведкай КДБ Беларусі і трапіў пад следства за шпіянаж на карысць замежных спецслужбаў, стала вядома ў канцы 2022 года.

Вядома, што справа будзе слухацца ў закрытым фармаце. Андрэя Кобеля будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве».

Санкцыя артыкула прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com