За колькі перапрадаюць «блатныя» аўтамабільныя нумары? Цэны ўражваюць
У Беларусі цалкам легальна можна скарыстацца паслугамі па выбары аўтамабільных нумароў з жаданымі лічбамі і літарамі. Але самыя прывабныя нумары даўно раскупленыя, таму прадаюцца ўжо неафіцыйна. «Наша Ніва» пацікавілася, колькі грошай беларусы гатовыя плаціць за прыгожыя лічбы на рэгістрацыйных знаках свайго аўто.
20.08.2023 / 18:52
Фота: інстаграм avtonomer.by
Можна афіцыйна, але не ўсё так проста
Упадабаную вамі камбінацыю літар і лічбаў на дзяржнумары можна выбраць афіцыйна. Прадаюць прыгожыя аўтамабільныя нумары па дзвюх цэнах.
За 10 базавых вам дадуць магчымасць выбіраць з тых нумарных знакаў, якія ўжо вырабленыя і знаходзяцца ў рэгістрацыйным аддзяленні ДАІ. Спісы з даступнымі камбінацыямі вывешваюць у аддзяленні ДАІ. Але за 370 рублёў прадаюць, хутчэй, не самыя адметныя нумары, напрыклад, 2333, 3222, 7888, 0200, або з парнымі нумарамі — 5757, 6969.
Скрыншот з інстаграм-акаўнта avtonomer.by
Калі ніводзін нумар з пералічаных вышэй вам не спадабаўся ці вас цікавяць нумары з чатырма аднолькавымі лічбамі, то іх можна замовіць індывідуальна. Кошт такой паслугі — 60 базавых (2 220 рублёў).
За гэтую суму можна замовіць любую камбінацыю лічбаў і літар з тых, што наогул могуць быць на беларускіх аўтамабільных нумарах. Для легкавых аўто з РУЗ гэта чатыры лічбы ад 0 да 9, дзве літары і код рэгіёна. Усяго існуе 12 літар, якія супадаюць у лацінскім і беларускім алфавіце.
Што на шэрым рынку
Аднак трэба разумець, што нумары такога ўзору выпускаюць з 2004 года. І паколькі камбінацыі літар і лічбаў абмежаваныя, то нават пры аплаце 60 базавых выбар застаецца досыць сціплы. Асабліва калі гаворка ідзе пра сталічны рэгіён, які не толькі самы вялікі па колькасці насельніцтва, але і самы багаты.
Больш за ўсё ў Мінску каціруюцца нумары з чатырма сямёркамі. Магчымых нумароў з усімі сямёркамі пры розных камбінацыях літар у серыі — 144 штукі. Вось толькі апошні такі нумар быў прададзены ў далёкім 2007 годзе.
Пры гэтым сярод 144 сталічных нумароў з чатырма сямёркамі ёсць 12 найбольш каштоўных. Гэта нумарныя знакі з паўторнымі літарамі.
Адзін з 12 такіх нумароў сёння знаходзіцца ў продажы. Дзяржнумар 7777 ЕЕ-7, мяркуючы па даце публікацыі, прадаюць з 21 чэрвеня.
Скрыншот з сайта baraholka.onliner.by
«Вісіць ужо на карчы, афармленне праз куплю-продаж, хутка і без складанасцей», — гаворыцца ў апісанні. «Вісіць на карчы» азначае, што рэдкі нумар на гэты момант прысвоены старому таннаму аўтамабілю, які ўладальнік прыгожага нумара выкарыстоўвае ў якасці «вешалкі». Не выключана, што «корч» будзе ўваходзіць у цану нумара.
Прадавец адзначае, што нумар у продажы будзе знаходзіцца некалькі месяцаў, пасля чаго ён прадасць яго таму, хто прапануе найбольшую суму. Пры гэтым калі хтосьці будзе гатовы выкласці за яго 15 тысяч даляраў, то нумар будзе прададзены адразу ж.
Гадамі ў продажы
Сярод іншых цікавых прапаноў на барахолцы «Анлайнера» можна адзначыць нумар 1000 ОО-1, які ацэнены ў 13 тысяч рублёў (каля $4 000). Аб'ява, мяркуючы па даце публікацыі, размешчаная яшчэ летась, але актуальная, бо аўтар апошні раз абнаўляў яе 17 жніўня гэтага года.
Скрыншот з сайта baraholka.onliner.by
На барахолцы з'яўляюцца не толькі аб'явы ад тых, хто гатовы прадаць прыгожы нумар, але і ад патэнцыйных пакупнікоў.
Так, напрыклад, адзін з карыстальнікаў шукае сталічныя нумары 0001 або 7777.
Скрыншот з сайта baraholka.onliner.by
Прыгожыя нумары прадаюцца таксама праз адмысловыя акаўнты ў сацсетках.
У акаўнце avtonomer.by ёсць некалькі актуальных аб'яў. Так, напрыклад, за нумар 1111 ММ-7 прадавец хоча выручыць 8 500 даляраў.
Такі кошт ён агучвае ў каментарах, калі адказвае на пытанне пра цану.
Скрыншот з інстаграм-акаўнта avtonomer.by
Найпрыгажэйшы нумар за 0 рублёў
Адным з самых прыгожых нумароў у Беларусі лічыцца камбінацыя 1111 ІІ-1. Мяркуючы па публікацыі ў тыкток-акаўнце карыстальніка @yaroslau18, цяпер гэты нумар стаіць на BMW M8.
Скрыншот з ТікТок
Летась самы прыгожы нумар Беларусі ўжо трапляў у поле зроку медыя. У маі мінулага года на av.by пісалі, што ў нейкі момант гэты нумар атрымала жыхарка Кобрына абсалютна без даплат. Адбылося гэта праз пэўны збег абставінаў.
Скрыншот з сайта av.by
Гісторыя выглядала так: пад канец працоўнага дня жанчына, якой належаў гэты нумар, зняла аўтамабіль з уліку, здала нумар, але вырашыла не плаціць за захоўванне рэгістрацыйнага знака (такія паслугі на платнай аснове прапануе ДАІ), бо збіралася зранку рэгістраваць іншае аўто. Таму нумары патрапілі ў рукі іншай жанчыны, якая аплаціла б/у нумар і паставіла на ўлік старэнькую КІА.
Як праз год самы прыгожы нумар Беларусі аказаўся на BMW M8 — невядома.
Мяркуючы па старых аб'явах аб продажы «блатных» нумароў, некаторыя беларусы гатовыя плаціць за прыгожы нумар ад адной да некалькіх тысяч даляраў. Але гэта дробязь у параўнанні з цаной на самы дарагі аўтамабільны нумар у свеце. Вясною 2023 года ў Дубаі праз аўкцыён быў прададзены нумар за 15 мільёнаў даляраў. Гэта быў нумарны знак з лічбай «7».
Ці можна перапрадаваць аўтамабільныя нумары?
Афіцыйна перапрадаваць дзяржаўныя рэгістрацыйныя нумары нельга. У любым выпадку пракручваць схему давядзецца праз афармленне дагавору куплі-продажу аўто ў ДАІ. У сваю чаргу, ДАІ прапануе паслугі па захоўванні аўтамабільных нумароў. Кошт — 5 рублёў за суткі, але мінімальны тэрмін, які давядзецца аплаціць, — 15 дзён. Праз даволі высокія цэны на захоўванне нумароў уласнікі прыгожых шыльдаў, калі хочуць іх захаваць надоўга або перапрадаць у будучыні, рэгіструюць на іх танныя аўтамабілі. Пажадана старэйшыя за 1991 год выпуску, каб не плаціць падатак за аўто.
Мінская фірма прапануе машыны з Еўропы на замову па нерэальна нізкіх цэнах. У чым падвох?
Машына як віно. Чаму ў Беларусі растуць цэны на аўтамабілі родам з нулявых